Мэтазгоднасць, уласцівасць працэсаў і з'яў прыводзіць да пэўных вынікаў, у шырокім, умоўным сэнсе - мэты. Мэтазгоднасць спецыфічна праяўляецца ў арганічным свеце, грамадскіх сістэмах, дзеяннях чалавека. Яна розная ў розных галінах: у арганічнай прыродзе - гэта прыстасаванне і рэгуляцыя арганізмаў, накіраванасць працэсаў развіцця; у грамадскім жыцці - адміранне сацыяльных парадкаў, якія зжылі сябе, і ўзнікненне новых, якія спрыяюць далейшаму развіццю грамадства; у дзейнасці людзей - гэта дасягненне пэўных мэт і да т.п. Прыхільнікі тэлеалогіі (рэлігійна-філасофскае вучэнне аб наяўнасці ў свеце аб'ектыўных пазачалавечых мэт і мэтазгоднасці) лічаць, што мэта і мэтазгоднасць уласцівы ўсім з'явам прыроды. Такое памылковае расшыранае тлумачэнне гэтых паняццяў вядзе да прызнання звышнатуральных істот, да тэалогіі. Вышэйшая форма мэтазгоднасці - мэтазгоднасць чалавечай дзейнасці, дзе ў прычынна-выніковую сувязь у якасці яе найважнейшага звяна ўключаецца свядомая мэта.