Мытня (мытніца, таможня), дзяржаўная ўстанова, якая кантралюе правоз праз дзяржаўную мяжу розных гандлёвых і іншых грузаў, у т.л. багажных і паштовых адпраўленняў. Мытня збірае пошліны і іншыя зборы з грузаў, што правозяцца. Размяшчаецца звычайна на памежных пунктах, у міжнародных аэрапортах, чыгуначных станцыях, марскіх і рачных портах, буйных цэнтрах дзяржавы. Назва «мытня» паходзіць ад слова «мыта» (мыт, цло), якое абазначала грашовы збор (пошліна). З набыццём дзяржаўнай незалежнасці Беларусі 20.09.1991 утворана самастойная мытная служба - Дзяржаўны мытны камітэт Беларусі.