Наркаманія (ад грэч. narke - здранцвенне + mania - цяга), захворванне, якое ўзнікае ад злоўжывання наркотыкамі і рэчывамі наркатычнага ўздзеяння. Разнастайнасцю бытавой наркаманіі з'яўляюцца алкагалізм і курэнне. Абумоўліваецца наркаманія здольнасцю наркатычных сродкаў, алкаголю і тытуню выклікаць стан эйфарыі - неапраўданага ўзнёсла-радаснага настрою, ілюзіі фізічнага і псіхічнага камфорту. У гэтым адна з прычын цягі да наркотыкаў. Але за гэта чалавек расплачваецца дарагой цаной: наркаманія прыводзіць да глыбокіх парушэнняў жыццядзейнасці арганізма і сацыяльнай дэградацыі асобы. Незалежна ад першапачатковага матыву (цікаўнасць, перайманне, неабходнасць) прычынай наступных ужыванняў наркотыкаў становіцца псіхічная, а потым і фізічная залежнасць ад наркатычных сродкаў. Арганізм хутка прызвычайваецца да іх і пачынае патрабаваць усё новых і большых доз. Пры гэтым, калі арганізм здольны процістаяць алкаголю, то супраць наркотыкаў ён бяссільны. Яны пашкоджваюць не толькі нервовую сістэму, але і іншыя сістэмы арганізма. У сувязі з неадольнай цягай да наркотыкаў адбываецца пераарыентацыя жыццёвых каштоўнасцей. Наркаманы грэбуюць службовымі і асабістымі справамі і абавязкамі, ствараюць канфліктныя сітуацыі, выйсце з якіх яны не могуць і не жадаюць знаходзіць. Распад асобы немінуча цягне за сабой антыграмадскія паводзіны. Для задавальнення цягі да наркотыкаў наркаман ідзе на падман, здрадніцтва, крадзеж, насілле, злачынства. Наркаманія губіць не толькі здароўе таго, хто захварэў, але і яго сям'і. Дзеці наркаманаў нараджаюцца аслабленымі, адстаюць у фізічным і псіхічным развіцці.

У Беларусі распрацаваны і дзейнічае шэраг медыцынскіх мер і прававых нормаў барацьбы з наркаманіяй. Лячэнне наркаманаў праводзіцца ў псіхіятрычных бальніцах, у наркалагічных дыспансэрах і кабінетах. З мэтаю прафілактыкі наркаманіі і яе выкаранення заканадаўства прадугледжвае адміністрацыйную адказнасць за ўжыванне наркатычных рэчываў без назначэння лекара і крымінальную адказнасць за незаконны выраб, збыт, захаванне наркотыкаў, арганізацыю або ўтрыманне прытонаў для іх ужывання, сяўбу і вырошчванне раслін, якія з'яўляюцца сыравінай для вырабу наркотыкаў, і інш. Важнае значэнне ў прафілактыцы наркаманіі, асабліва сярод моладзі, мае выхаванне ў традыцыях здаровага ладу жыцця, правільная арганізацыя вольнага часу, нецярпімасць да марнай яго траты.

Паведаміць пра недакладнасьць