Народ. Гэта паняцце мае некалькі значэнняў. Пад ім разумеюць насельніцтва якой-небудзь краіны (напр., народ Беларусі, Эстоніі, Францыі і г.д.), працоўных, проста групу, натоўп людзей і тое, што вучоныя называюць тэрмінам «этнас», «этнічная супольнасць», «нацыя». Этнас (народ) вызначаюць як устойлівую сукупнасць людзей, якая гістарычна склалася на пэўнай тэрыторыі і валодае адносна стабільнымі асаблівасцямі мовы, культуры і псіхікі, а таксама ўсведамляе сваё адзінства і адрозненне ад іншых падобных утварэнняў. У свеце жыве некалькі тысяч народаў. Яны адрозніваюцца адзін ад аднаго колькасцю, узроўнем грамадскага і сацыяльна-культурнага развіцця, мовай і культурай, расавым абліччам. Колькасць буйнейшых народаў перасягае 100 млн. чалавек. Гэта кітайцы, хіндустанцы, амерыканцы ЗША, бенгальцы, расейцы, бразільцы, японцы. Ёсць зусім дробныя (выміраючыя) этнасы, у якіх менш як 10 чалавек (некаторыя групоўкі ў Папуа-Новай Гвінеі і інш.). Самая вялікая этналінгвістычная сям'я народаў - гэта індаэўрапейская, якая аб'ядноўвае 45% насельніцтва Зямлі (у гэту сям'ю ўваходзяць і беларусы); самая дробная - картвельская (каля 0,1% насельніцтва свету), да якой адносяцца грузіны і блізкія да іх этнічныя супольнасці. Народы свету падзяляюць на тры асноўныя расы: эўрапеоідную, мангалоідную і негроідную.

Паведаміць пра недакладнасьць