Нацыянальнае багацце. Нягледзячы на разбуральныя войны і розныя стыхійныя бедствы, чалавечае грамадства памнажае набыткі стваральнай працы продкаў: будуе жыллё, прадпрыемствы, транспартныя і інжынерныя камунікацыі, стварае творы літаратуры і мастацтва, развівае навуку, павышае адукацыйна-прафесійны ўзровень сваіх сябраў. Сукупнасць матэрыяльных і духоўных даброт, створаных у грамадстве за перыяд яго існавання, і ёсць нацыянальнае багацце. У самым агульным выглядзе нацыянальнае багацце складаецца са сродкаў вытворчасці і прадметаў спажывання, а больш дэталёва ўключае: асноўныя вытворчыя фонды (тэхнічнае абсталяванне, транспартныя сродкі, пладовыя насаджэнні, прадукцыйная жывёла, будынкі, збудаванні, навуковая апаратура, прылады і інш.), вытворчыя абаротныя фонды (вытворчыя запасы сыравіны, матэрыялаў, паліва, незавершаная прадукцыя), фонды абарачэння (запасы гатовай прадукцыі), невытворчыя асноўныя фонды (жыллёвы фонд і грамадскія будынкі), маёмасць грамадзян (жыллёвыя і гаспадарчыя пабудовы, уласныя сродкі вытворчасці, прыватызаваная зямля, бытавыя прылады, транспартныя сродкі, прадметы раскошы, творы літаратуры, мастацтва і інш.), прыродныя рэсурсы (зямля, лясы, мінеральныя і водныя рэсурсы, флора і фауна, паветраная прастора, сонечная энергія і інш.), дзяржаўныя рэзервы і страхавыя фонды, духоўныя каштоўнасці, залаты фонд і каштоўныя металы. На жаль, афіцыйная статыстыка дае абмежаваныя звесткі пра нацыянальнае багацце Беларусі, найперш пра кошт асноўных фондаў (з жывёлай), у тым ліку і пра кошт хатняй маёмасці насельніцтва. Пакуль адсутнічае методыка ацэнкі прыродных рэсурсаў, духоўных каштоўнасцей, адукацыйнага і прафесійнага патэнцыялу грамадства і іншых важных састаўных частак нацыянальнага багацця краіны. Таму пра фактычныя памеры нацыянальнага багацця можна меркаваць толькі ацэначна на аснове ўскосных паказчыкаў.

Паведаміць пра недакладнасьць