Пазнанне. Для таго, каб свядома і паспяхова дзейнічаць, чалавеку неабходны самыя розныя веды. У першабытную эпоху пазнанне было непасрэдна зліта з прымітыўнай матэрыяльнай вытворчасцю. З развіццём цывілізацыі, дыферэнцыяцыі і грамадскага падзелу працы, тэарэтычнай і практычнай дзейнасці пазнанне стала разглядацца як праяўленне вышэйшай, самастойнай здольнасці чалавечага духу ствараць ідэальныя вобразы свету. Асаблівую вастрыню гэтыя праблемы набылі ў 17-19 ст. у сувязі з хуткім развіццём прыродазнаўства і паскарэннем сацыяльнага прагрэсу. Палеміка па пытаннях крыніцы ісціннага пазнання вялася паміж прыхільнікамі эмпірызму (Ф.Бэкан, Дж.Лок) і рацыяналізму (Р.Дэкарт, Б.Спіноза, Г.Лейбніц). Пераадолець аднабаковасць гэтых пазіцый спрабаваў І.Кант, але ідэалістычны адрыў пазнання ад матэрыяльнай практыкі і аб'ектыўнай рэальнасці прывёў яго да агнастыцызму - вываду пра непазнавальнасць знешняга свету. У сваім развіцці пазнанне праходзіць шэраг ступеней. Поруч з вылучэннем розных яго ўзроўняў (пачуццёвае і рацыянальнае, эмпірычнае і тэарэтычнае) адрозніваюць і асноўныя тыпы пазнання: паўсядзённае (арыентавана на непасрэдную дзейнасць чалавека, вызначаецца яго паўсядзённым быццём), мастацкае (вызначаецца вобразнасцю, свабодай фантазіі, вымыслам) і навуковае (раскрывае аб'ектыўныя законы рэчаіснасці). Розныя бакі і аспекты пазнання з'яўляюцца аб'ектам даследавання такіх навуковых дысцыплін, як псіхалогія, логіка, навуказнаўства, гісторыя, прыродазнаўства і інш. Сутнасць, універсальныя законы і формы пазнання вывучае тэорыя пазнання (гнасеалогія). Такім чынам, пазнанне - гэта грамадска-гістарычны працэс творчай дзейнасці людзей, які фармуе іх веды, на аснове якіх узнікаюць мэты і матывы чалавечай дзейнасці.