Правасвядомасць, свядомае перакананне ў неабходнасці ўсеагульнага падтрымання прававых нормаў на карысць чалавечага грамадства. У аснове фармавання правасвядомасці ў многіх выпадках ляжаць маральныя каштоўнасці, уяўленні пра дабро і зло, справядлівасць, грамадская псіхалогія, гістарычныя традыцыі. На яе фармаванне ўплываюць і прававыя нормы, што склаліся ў грамадстве, і практыка іх выкарыстання. Таму правасвядомасць уключае веданне дзеючага права, яго асноўных прынцыпаў і патрабаванняў. Правасвядомасць падпарадкавана агульным заканамернасцям развіцця грамадскай свядомасці. Удасканаленне правасвядомасці ўсіх сябраў грамадства, павышэнне прававой культуры, выпрацоўка такога ўзроўню адносін да права і закону, якое павінна стаць асабістым перакананнем кожнага чалавека, - важная частка выхавання насельніцтва краіны.