Правасуддзе. Правасуддзе ажыццяўляецца ва ўстаноўленым законам працэсуальным парадку. Пры гэтым дзейнасць судоў мае на мэце ахову ад замаху на замацаваныя ў канстытуцыі грамадскі лад краіны, яго палітычную і эканамічную сістэму, дзяржаўныя і грамадскія інтарэсы, сацыяльна-эканамічныя, палітычныя, маёмасныя і асабістыя правы і свабоды грамадзян, дзяржаўных, кааператыўных і прыватных прадпрыемстваў, грамадскіх арганізацый. Такім чынам, правасуддзе - гэта форма дзяржаўнай дзейнасці судовай улады, у працэсе якой разглядаюцца і вырашаюцца ў судовым парадку справы, аднесеныя да яе кампетэнцыі - аб крымінальных злачынствах, аб цывільных і гаспадарчых спрэчках і інш. Суддзі незалежныя ў сваёй дзейнасці і падпарадкоўваюцца толькі закону, якое-небудзь умяшанне ў іх дзейнасць недапушчальнае. У Беларусі судаўладкаванне і статус суддзяў вызначаюцца Канстытуцыяй Беларусі, іншымі актамі заканадаўства. Судовая сістэма Беларусі ўключае агульныя суды (Вярхоўны суд, абласныя і прыраўнаваны да іх Менскі гарадскі суд, раённыя, гарадскія), а таксама ваенныя, гаспадарчыя і іншыя суды. Вышэйшымі звеннямі судовай сістэмы з'яўляюцца Вярхоўны суд і Вышэйшы гаспадарчы суд. Органам дзяржаўнага кантролю за канстытуцыйнасцю нарматыўных актаў дзяржавы з'яўляецца Канстытуцыйны Суд Беларусі, заключэнні якога з'яўляюцца канчатковымі, абскарджанню і апратэставанню не падлягаюць.

Паведаміць пра недакладнасьць