Прадпрыемства, самастойны суб'ект гаспадарання, які на аснове выкарыстання працоўным калектывам маёмасці стварае і рэалізуе прадукцыю, выконвае работы ці аказвае паслугі. Прадпрыемства мае права займацца любой гаспадарчай дзейнасцю, якая не забаронена заканадаўствам і адпавядае мэтам, што прадугледжаны ў статуце прадпрыемства. Яно мае правы юрыдычнай асобы, самастойны баланс, разліковы і іншыя рахункі ў банках, пячатку са сваім найменнем. Адрозніваюць прадпрыемствы, якія функцыянуюць у адпаведнасці з асновамі заканадаўства аб арэндзе; малыя прадпрыемствы, адметнымі прыкметамі якіх з'яўляюцца абмежаванні, што тычацца колькасці працуючых або аб'ёму гаспадарчай дзейнасці; сумеснае прадпрыемства, якое дзейнічае на аснове аб'яднання маёмасці стваральнікаў (юрыдычных і фізічных асоб; у айчыннай практыцы гэты тэрмін ужываецца ў дачыненні да прадпрыемстваў з удзелам замежных партнёраў) і інш.