Прадпрымальніцтва, ініцыятыўная самастойная дзейнасць грамадзян, накіраваная на атрыманне прыбытку або асабістага даходу. Ажыццяўляецца ад свайго імя, пад сваю матэрыяльную адказнасць або ад імя і пад юрыдычную адказнасць юрыдычнай асобы. Прадпрымальнік можа займацца любымі відамі гаспадарчай дзейнасці, якая не забаронена законам, уключаючы камерцыйнае пасрэдніцтва, гандлёва-закупачную, кансультацыйную і іншую дзейнасць, а таксама аперацыі з каштоўнымі паперамі. Адрозніваюць прыватнае і калектыўнае прадпрымальніцтва, што ажыццяўляецца і грунтуецца на ўласнасці грамадзян або на маёмасці, атрыманай і выкарыстанай на законнай падставе. Прадпрымальніцтва можа ажыццяўляцца без выкарыстання наёмнай працы ці з яе выкарыстаннем, без стварэння юрыдычнай асобы ці з яе стварэннем. Для ажыццяўлення сваёй дзейнасці прадпрымальнік мае правы: ствараць любыя віды прадпрыемстваў, арганізацыя якіх не супярэчыць заканадаўству; набываць поўнасцю або часткова маёмасць дзяржаўных прадпрыемстваў і прадпрыемстваў, заснаваных на іншых формах уласнасці, іншую ўласнасць і маёмасныя правы; прымаць удзел сваёй маёмасцю ў дзейнасці іншых суб'ектаў гаспадарання, выкарыстоўваць па дамоўленасці маёмасць юрыдычных асоб і грамадзян; наймаць і звальняць работнікаў на ўмовах кантрактаў, устаноўленых заканадаўствам; самастойна ўстанаўліваць формы, сістэмы і памеры аплаты працы і іншыя віды даходаў асоб, якія працуюць па найму; самастойна фармаваць праграму гаспадарчай дзейнасці, выбіраць пастаўшчыкоў і спажыўцоў, устанаўліваць цэны і тарыфы; адкрываць рахункі ў банках, ажыццяўляць усе віды разліковых, крэдытных і касавых аперацый; свабодна распараджацца прыбыткам (даходам) ад прадпрымальніцкай дзейнасці, што застаецца пасля аплаты падаткаў і іншых абавязковых плацяжоў; атрымліваць неабмежаваны ў памерах асабісты даход; карыстацца ва ўстаноўленым парадку дзяржаўнай сістэмай сацыяльнага забеспячэння і страхавання; абскарджваць ва ўстаноўленым парадку дзеянні дзяржаўных і іншых органаў, якія ўціскаюць яго правы і інтарэсы; выступаць удзельнікам знешнеэканамічных адносін і ажыццяўляць валютныя аперацыі ў парадку, устаноўленым заканадаўствам. Прадпрымальнік, які ажыццяўляе сваю дзейнасць без стварэння юрыдычнай асобы, адказвае па сваіх абавязацельствах, звязаных з гэтай дзейнасцю, усёй маёмасцю, за выключэннем той маёмасці, якая паводле закону не падлягае спагнанню.

Паведаміць пра недакладнасьць