Прафсаюзы (прафесійныя саюзы), масавыя грамадскія арганізацыі наёмных работнікаў, заснаваныя на агульнасці іх інтарэсаў у працэсе працы з мэтай паляпшэння ўмоў жыцця і працы сваіх сябраў. Узніклі ў 2-й палове 18 ст. ў Вялікабрытаніі як асацыяцыі высокакваліфікаваных рабочых, якія аб'ядналіся для абароны сваіх прафесійных інтарэсаў і сацыяльнага статуса. На працягу 19 ст. прафсаюзы створаны амаль ва ўсіх развітых краінах Эўропы і Амерыкі. У Расеі першыя прафсаюзы з'явіліся пасля 1905. У пачатку 20 ст. пачалі стварацца міжнародныя прафсаюзныя федэрацыі і прафсаюзы работнікаў пэўных галін гаспадаркі. У 1945 створана Сусветная федэрацыя прафсаюзаў, якая стала адзіным у свеце ўніверсальным аб'яднаннем (у 1991 аб'ядноўвала каля 200 млн. чалавек). У 1949 узнікла Міжнародная канфедэрацыя свабодных прафсаюзаў. Існуе таксама Сусветная канфедэрацыя працы, якая з'яўляецца цэнтрам хрысціянскага прафсаюзнага руху.
У Беларусі першыя прафсаюзы ўзніклі ў 1905. Структура, формы і метады работы прафсаюзаў БССР ў складзе СССР залежалі ад партыйнага і дзяржаўнага ўплыву. Цяперашнія працэсы ў прафруху накіраваны на рашучы паварот да ўзмацнення ахоўнай функцыі прафсаюзаў, набыцця імі незалежнасці ад любых палітычных, дзяржаўных і гаспадарчых органаў, ствараюцца альтэрнатыўныя прафаб'яднанні. У 1990 створана Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі (уключае 35 арганізацый, аб'ядноўвае больш за 5 млн. чалавек). Апрача Федэрацыі існуюць Незалежны прафсаюз Беларусі, канфедэрацыя працы Беларусі, Кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў Беларусі, прафсаюз прадпрымальнікаў «Формум» і інш.