Прыватызацыя (ад лац. privatus - прыватны, асабісты). У сувязі з пераходам эканомікі Беларусі да рыначных адносін і надання яе грамадзянам права на прыватную ўласнасць Вярхоўны Савет Беларусі 19.01.1993 прыняў закон «Аб раздзяржаўленні і прыватызацыі дзяржаўнай уласнасці ў Рэспубліцы Беларусь». Паводле гэтага закону, раздзяржаўленне і прыватызацыя з'яўляецца дзейнасцю ўпаўнаважаных на гэта дзяржаўных органаў па перадачы маёмасці, што знаходзіцца ў дзяржаўнай уласнасці, у прыватную або калектыўную ўласнасць шляхам ператварэння прадпрыемстваў (арганізацый) у акцыянерныя, гаспадарчыя і прыватныя. У больш вузкім значэнні прыватызацыя - гэта пераход маёмасці ў прыватную ўласнасць. Ажыццяўляецца яна праз бязвыплатную перадачу або продаж. Аб'ектамі прыватызацыі з'яўляюцца жыллё, прадпрыемствы, цэхі, участкі, абсталяванне, будынкі, збудаванні, паі, акцыі дзяржавы ў капітале акцыянерных таварыстваў і іншых аб'яднанняў і прадпрыемстваў. Суб'ектамі прыватызацыі могуць быць грамадзяне Беларусі, юрыдычныя асобы, працоўныя калектывы, замежныя інвестары і асобы без грамадзянства.

Паведаміць пра недакладнасьць