Рабства , гістарычна першая і самая грубая форма эксплуатацыі, пры якой раб з'яўляўся ўласнасцю свайго гаспадара - рабаўладальніка. Старажытныя дзяржавы, аснову якіх складала рабства, склаліся на мяжы 4-га і 3-га тысячагоддзяў да н.э. (Месапатамія, Эгіпет). Найвышэйшага развіцця рабства дасягнула ў Грэцыі (5-4 ст. да н.э.) і Рыме (2 ст. да н.э.). Асноўныя крыніцы рабства - ператварэнне ў рабоў ваеннапалонных, пірацтва, звычай ператвараць у рабоў злачынцаў, а таксама аднапляменнікаў за нявыплату даўгоў, гандаль рабамі. Цяжкае становішча, пастаянны прыгнёт, беспрасветная праца выклікалі незадаволенасць рабоў, стваралі пастаянную напружанасць у адносінах паміж імі і іх уладальнікамі. Нярэдка ўспыхвалі паўстанні, самым арганізаваным і магутным з якіх было паўстанне італійскіх рабоў пад кіраўніцтвам Спартака ў 74-71 да н.э. Аднак усе такія паўстанні жорстка падаўляліся. З 17 ст. праца рабоў, якіх завозілі з Афрыкі, яшчэ шырока выкарыстоўвалася ў калоніях на Амерыканскім кантыненце. Рабства ў ЗША было ліквідавана ў выніку Грамадзянскай вайны 1861-1865. У шэрагу каланіяльных і залежных краін рабства захоўвалася аж да пачатку 20 ст., а ў Саудаўскай Аравіі яно адменена толькі ў 1962. Усеагульная Дэкларацыя правоў чалавека, прынятая ААН у 1948, забараніла рабства і гандаль рабамі. Канферэнцыя ў Жэневе ў 1956 прыняла дадатковую канвенцыю аб адмене рабства і гандлю рабамі.

Антычнае рабства, аднак, мела і пэўныя прагрэсіўныя бакі. Яно дазволіла арганізаваць даходную і прадукцыйную эканоміку як аснову вялікай цывілізацыі; у рамках рабаўладальніцкай эканомікі былі распрацаваны формы арганізацыі вялікіх мас работнікаў і тым самым закладзены асновы буйной вытворчасці, асвоены многія метады гаспадарання - кааперацыя і спецыялізацыя, раздзяленне працы, рыначны механізм і грашовае абарачэнне, сістэма нармавання і цэнаўтварэння, якія выкарыстоўваліся ў іншых умовах і ў больш познія эпохі. Урэшце, распрацоўка антычнай юрыдычнай думкай рабства як абсалютнага бяспраўя дазволіла распрацаваць паняцце свабоды, чалавечага і грамадзянскага паўнапраўя, якое зноў-такі стала здабыткам наступных гістарычных эпох.

Паведаміць пра недакладнасьць