Розум. Розум чалавека як фактар культурнага прагрэсу, станаўлення і развіцця цывілізацыі праявіўся задоўга да таго часу, калі ён быў асэнсаваны і адэкватна зразуметы. Раннія ўяўленні пра розум, што ўзніклі ў старажытнай філасофіі, абапіраліся на адрозненне выпадковых, суб'ектыўных, адносных чалавечых паняццяў (думак) і нязменных ісцінных ідэй. Доступ да апошніх і адкрываў розум як нешта вышэйшае, абсалютна боскае ў мысленні людзей. У эпоху Адраджэння фармавалася вучэнне пра розум, як здольнасць непасрэдна «ахопліваць» і спасцігаць адзінства процілегласцей, аб'ектыўную супярэчнасць свету (Нікалай Кузанскі, Дж.Бруна). Развіццё навуковага пазнання зрабіла паняцце «розум» цэнтрам філасофскіх даследаванняў і светапоглядных альтэрнатыў (гл. Рацыяналізм). У дыялектычным матэрыялізме разуменне розуму абумоўлена ўвядзеннем практыкі ў тэорыю пазнання, выяўленнем яго сувязі з прадметнай дзейнасцю чалавека, сацыяльна-гістарычнай абумоўленасцю творчых патэнцый мыслення. З розумам звязана ўся творчасць чалавека ва ўсіх сферах яго жыццядзейнасці. Ён дазваляе правільна класіфікаваць факты і з'явы, паслядоўна разважаць і рабіць вывады, прыводзіць атрыманыя веды ў стройную сістэму, падпарадкаваную лагічным законам і правілам. Розум - гэта здольнасць лагічна і творча мысліць, вышэйшая ступень пазнавальнай дзейнасці чалавека, на якой здзяйсняецца пранікненне ў сутнасць навакольнага свету, адбываецца сінтэз эўрыстычных функцый думкі, ствараюцца новыя ідэі, якія выходзяць за межы сістэм ведаў, што склаліся. (Гл. таксама Рацыяналізм).

Паведаміць пра недакладнасьць