Сацыяльная палітыка, шматбаковая дзейнасць дзяржавы па кіраўніцтве развіццём сацыяльнай сферы грамадства, накіраванай на задавальненне інтарэсаў і патрабаванняў індывідаў і розных груп насельніцтва. Да асноўных яе кірункаў адносяцца: паляпшэнне ўмоў працы і жыцця грамадзян; рэгуляванне занятасці, працэсаў падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі кадраў; забеспячэнне канстытуцыйнага права грамадзян на працу і сацыяльную дапамогу незанятаму насельніцтву; рэалізацыя дзяржаўных гарантый у аплаце працы (вызначэнне мінімальных памераў заработнай платы); індэксацыя грашовых даходаў ва ўмовах свабоднага росту цэн; падтрыманне пражытачнага мінімуму малазабяспечаных грамадзян і шматдзетных сем'яў і іншае забеспячэнне належнага ўзроўню аховы здароўя насельніцтва; развіццё культуры, сістэмы адукацыі і выхавання; удасканаленне сістэмы сацыяльнага забеспячэння і сацыяльнай абароны насельніцтва; стварэнне ўмоў для гарманізацыі этнанацыянальных і міжрэлігійных адносін. Сацыяльная абарона ахоплівае ўсе сферы жыццядзейнасці - працу, быт, адпачынак, ахову здароўя, сацыяльнае забеспячэнне, адукацыю, культуру, этнанацыянальныя і міжрэлігійныя адносіны. Яна рэалізуецца праз распрацоўку і ажыццяўленне сацыяльных праграм і адпаведных сацыяльных мерапрыемстваў, праз прыняцце законаў і іншых прававых актаў, праз дзейнасць розных грамадскіх і дабрачынных фондаў.

Паведаміць пра недакладнасьць