Сацыяльная сфера, сукупнасць неабходных умоў для ўзнаўлення штодзённага жыцця, развіцця і самаіснавання чалавека як асобы. Паводле прадметнага зместу яна ўключае ўмовы працы, побыту, вольнага часу, а таксама магчымасці асваення чалавекам дасягненняў культуры, адукацыі, аховы здароўя, сацыяльнага забеспячэння, сацыяльнай абароны індывідаў і груп, якія маюць патрэбу ў гэтым (пенсіянеры, інваліды, дзеці-сіроты, шматдзетныя сем'і, беспрацоўныя і інш.), выбару прафесіі і месца жыхарства, сацыяльных перамяшчэнняў, развіцця сацыяльнай інфраструктуры (транспарту, сувязі, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, таваразвароту і спажывецкага рынку), удзел у дзяржаўным кіраванні і мясцовым самакіраванні. Усе гэтыя ўмовы і магчымасці становяцца больш ці менш даступныя і неабходныя чалавеку ў залежнасці ад таго, якое месца ён займае ў сацыяльнай структуры грамадства (прадпрымальнік, рабочы, інтэлігент, пенсіянер і г.д.). Таму ў склад сацыяльнай сферы ўваходзіць і сацыяльная структура са шматграннымі яе кампанентамі. У сваім развіцці і функцыянаванні сацыяльная сфера ахоплівае інтарэсы і патрэбнасці, мэты і арыентацыі розных сацыяльных груп, класаў, нацый і народнасцей, рэлігійных суполак, узаемадзеянні індывідаў і розных сацыяльных суполак - этнічных, тэрытарыяльных, культурных, рэлігійных, адносіны ўсіх іх да грамадства ў цэлым.

Паведаміць пра недакладнасьць