Сістэма (ад грэч. systema - цэлае, складзеная з частак; злучэнне), мноства элементаў, якія знаходзяцца ў адносінах і сувязях адзін з адным і ствараюць пэўную цэласнасць, адзінства. Вылучаюць матэрыяльныя і абстрактныя сістэмы. Матэрыяльныя падзяляюцца на сістэмы неарганічнай прыроды (фізічныя, геалагічныя, хімічныя, тэхнічныя і іншыя) і жывыя (біялагічныя сістэмы - клеткі, тканкі, арганізмы, папуляцыі, віды, экасістэмы). Абстрактныя ўключаюць паняцці, гіпотэзы, тэорыі, навуковыя веды аб сістэмах, лінгвістычныя (моўныя), фармалізаваныя, лагічныя і іншыя сістэмы. Асобны клас складаюць сацыяльныя сістэмы (ад прасцейшых сацыяльных аб'яднанняў да сацыяльнай структуры грамадства). У сучаснай навуцы даследаванне сістэм рознага роду праводзіцца ў межах сістэмнага падыходу, агульнай тэорыі сістэмы, розных спецыяльных тэорый сістэмы, у кібернетыцы, сістэматэхніцы, сістэмным аналізе і інш. З сярэдзіны 20 ст. сістэма становіцца адным з ключавых філасофска-метадалагічных і спецыяльна-навуковых паняццяў.

Паведаміць пра недакладнасьць