Слава. З паняццямі «слава», «слаўны», звязваюцца справы, дзеянні і ўчынкі людзей, якія ацэньваюцца як подзвіг. Гэтыя паняцці характарызуюць буйныя падзеі, якія маюць гістарычную значнасць і вызначаюць лёс народа і нават чалавецтва; гэта і выніковая ацэнка высокіх дасягненняў людзей ва ўсіх сферах грамадскага жыцця. У масавай свядомасці паняцце «слава» часта атаясамліваецца з ваеннымі подзвігамі або з такімі дзеяннямі ў мірны час, якія звязаны з рызыкай, смеласцю, сілай і ўздымаюцца на ўзровень подзвігу. Пра славу мараць многія людзі (асабліва маладыя), бо яна прыносіць чалавеку не толькі пашану і павагу, але і багацце. Дзеля славы яны пускаліся ў далёкія падарожжы, часам рызыкуючы сваім жыццём. Але чалавек можа праславіцца дасягненнямі ў любой сферы дзейнасці. У свеце шмат вучоных, кампазітараў, пісьменнікаў, мастакоў, палітыкаў, грамадскіх дзеячаў, якія набылі сусветную вядомасць. Заваяваць славу вельмі цяжка, але яшчэ цяжэй яе ўтрымаць. Не ўсім удаецца вытрымаць гэты маральны экзамен. Слава - з'ява зменлівая, рухомая, яна не даецца чалавеку ў спадчыну. Кожны чалавек павінен мець дастойную і высакародную мэту ў жыцці, імкнуцца да яе толькі высокамаральнымі сродкамі: працай, вучобай, маральным удасканаленнем.