Славалюбства, сацыяльнае і маральнае пачуццё, якое выяўляецца як матыў дзеянняў для заваявання славы. Калі такія матывы становяцца характэрнымі для паўсядзённых паводзін пэўнага індывіда, то яго ацэньваюць як няздольнага аб'ектыўна ацэньваць свае ўчынкі з пункту гледжання іх грамадскага значэння і маралі. Славалюбівы чалавек імкнецца стаць папулярным, прыцягнуць увагу да сваёй асобы, выклікаць захапленне ці зайздрасць іншых людзей. Такога чалавека цікавіць пераважна знешні эфект, здольны прыцягнуць увагу людзей да яго персоны. Славалюбства - гэта гіпертрафіраванае самалюбства. Яно часта прыводзіць людзей да здзяйснення антыграмадскіх учынкаў. У гэтым сэнсе славалюбства заўсёды кваліфікавалася людзьмі як адмоўная з'ява і асуджалася. З антычных часоў да нас дайшло паданне пра грэчаскага пастуха Герастрата, які, жадаючы праславіцца, падпаліў храм Артэміды Эфескай - цудоўны помнік архітэктуры. Адсюль і паходзіць выраз «герастратава слава», які характарызуе ганебны ўчынак.

Паведаміць пра недакладнасьць