Спажыванне, выкарыстанне (прысваенне і рэалізацыя) канкрэтнага або сукупнага прадукту на задавальненне патрэб чалавека. Яго падзяляюць на вытворчае і пазавытворчае. Вытворчае ўяўляе выкарыстанне неабходных рэсурсаў, у тым ліку сродкаў вытворчасці і рабочай сілы, якія забяспечваюць стварэнне прадукту. Пазавытворчае спажыванне праходзіць за межамі вытворчасці і яго падзяляюць на агульнаграмадскае (адукацыя, навука, культура, абарона і іншае) і асабістае (задавальненне жыццёвых патрэб чалавека і ўсяго насельніцтва). Спажыванне можа быць індывідуальнае (ежа, адзенне і іншае) або калектыўнае (сродкі транспарту, паслугі сацыяльных, культурных, бытавых устаноў), платнае і бясплатнае. Стан вытворчасці вызначае, колькі і што канкрэтна людзі спажываюць, г.зн. узровень і структуру спажывання. Спажыванне ў сваю чаргу стымулюе вытворчасць, задае арыенціры яго развіцця. Узровень спажывання вызначае якасць жыцця людзей, якая не зводзіцца толькі да задавальнення імі сваіх патрэб у канкрэтных дабротах і паслугах. Яе прадвызначае і пэўны сацыяльны клімат, традыцыі ў грамадстве, функцыянаванне сацыяльнай абароны і інш. Але спажывецкія інтарэсы людзей абумоўліваюць імкненне да большых даходаў, уплываюць на размеркаванне. Ва ўмовах сацыяльна-эканамічнай дыферэнцыяцыі грамадства спажыванне бедных і багатых людзей няроўнае. Ды і не можа быць аднолькавым спажыванне розных сацыяльна-прафесійных, сацыяльна-рэгіянальных і сацыяльна-этнічных груп, людзей рознага полу і ўзросту. Спажыванне можа быць разумнае або неразумнае. На яго ўплываюць і такія спецыфічныя фактары, як мода, грамадская думка, прэстыж. Спажывецкія паводзіны - адзін з важных спосабаў самасцвярджэння асобы, а часам і дэманстрацыі свайго сацыяльнага статусу. У любым грамадстве пастаянна бытуюць і змагаюцца дзве процілеглыя тэндэнцыі, якія адстойваюць або элітарныя, або ўраўняльныя тэндэнцыі ў спосабе жыцця. У выніку вытворчых, экалагічных, палітычных і іншых прычын пэўнае грамадства можа часам адчуваць элементарны дэфіцыт здаровай ежы, адзення, жылля, медыцынскіх, бытавых і іншых паслуг. Гэтыя праблемы актуальныя і для Беларусі.

Паведаміць пра недакладнасьць