Спорт (англ. sport), састаўная частка фізічнай культуры, сродак і метад фізічнага выхавання, які мае на мэце развіццё і ўмацаванне арганізма чалавека, дасягненне ім высокіх вынікаў у спаборніцтвах; сістэма арганізацыі і правядзення спаборніцтваў і вучэбна-трэніровачных заняткаў па розных комплексах фізічных практыкаванняў. Асноўныя арганізацыйныя формы спорту - масавы самадзейны спорт, спорт вышэйшых дасягненняў і спорт як вучэбны прадмет. Фізічная культура і спорт - неад'емная частка культуры грамадства і кожнага чалавека. Рэгулярныя фізічныя трэніроўкі рэзка паніжаюць захворванне насельніцтва, станоўча ўплываюць на псіхіку чалавека, на яго ўважлівасць, памяць, мысленне, спрыяюць эфектыўнаму выхаванню асабістых якасцей - настойлівасці, волі, мэтанакіраванасці, калектывізму, камунікабельнасці, працаздольнасці, выпрацоўваюць актыўную пазіцыю. Спорт дапамагае людзям больш эфектыўна выкарыстоўваць вольны час, садзейнічае адвыканню ад такіх сацыяльна і біялагічна шкодных звычак, як ужыванне спіртных напіткаў і курэнне. Да фізічнай культуры і спорту далучаюцца праз навучанне ў спецыялізаваных установах (дзіцяча-юнацкіх спартыўных школах, тэхнікумах, ВНУ), трэніроўку ў спартыўных секцыях па любому віду спорту, удзел у занятках груп здароўя па месцы вучобы, жыхарства, або займаючыся самастойна.

Спорт вядомы з глыбокай старажытнасці, у т.л. і ў Беларусі. Спартыўныя элементы, блізкія да сучасных відаў спорту (бег, скачкі, барацьба і інш.), уваходзілі ў шматлікія народныя гульні. Першыя вядомыя спартыўныя спаборніцтвы адбыліся ў Старажытнай Грэцыі ў 1580 да н.э. Хуткае развіццё спорту пачалося ў 2-й палове 19 ст., асабліва пасля стварэння ў 1894 Міжнароднага алімпійскага камітэту і правядзення ў 1896 першых Алімпійскіх гульняў. У Беларусі першыя спартыўныя таварыствы ўзніклі ў канцы 19 - пачатку 20 ст. Беларускія спартсмены з 1952 удзельнічаюць у Алімпійскіх гульнях. Імёны многіх беларускіх спартсменаў вядомы ў свеце. З 1991 дзейнічае Нацыянальны алімпійскі камітэт. Спорт у Беларусі з'яўляецца агульнадзяржаўнай справай. Закон аб фізічнай культуры і спорце ад 18.06.1993 вызначае іх як неад'емную частку нацыянальнай культуры і гісторыі беларускага народа.

Паведаміць пра недакладнасьць