Сродкі масавай інфармацыі, перыядычныя друкаваныя выданні (газеты, часопісы, брашуры, альманахі, бюлетэні і інш.), якія маюць пастаянную назву і перыядычнасць не радзей аднаго разу на год, радыё-, тэле-, відэа-, кінахранікальныя праграмы, іншыя формы перыядычнага распаўсюджвання масавай інфармацыі. Распаўсюджваецца інфармацыя шляхам продажу, падпіскі, дастаўкі, раздачы перыядычных друкаваных выданняў; аўдыё- ці відэазапісаў праграм, трансляцыі і рэтрансляцыі радыё-, тэлепраграм, дэманстрацыі кінахранікальных праграм. Канстытуцыя Беларусі гарантуе кожнай асобе свабоду поглядаў, перакананняў і іх свабоднае выказванне; права на бесперашкоднае атрыманне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі пра дзейнасць дзяржаўных органаў і грамадскіх аб'яднанняў, аб палітычным, эканамічным і міжнародным жыцці, стане навакольнага асяроддзя. Рэалізацыя гэтых канстытуцыйных свабод і правоў ажыццяўляецца праз сродкі масавай інфармацыі. Права засноўваць сродкі масавай інфармацыі, валодаць, карыстацца і распараджацца імі маюць усе грамадзяне Беларусі, палітычныя партыі і іншыя грамадскія аб'яднанні, прадпрыемствы, установы, арганізацыі, дзяржаўныя органы. Сістэма сродкаў масавай інфармацыі - гэта аснова рэалізацыі правоў грамадзян і важная частка нацыянальнай культуры. Дзяржава вызначае меры па забеспячэнні іх эканамічнай падтрымкі. Цэнзура масавай інфармацыі не дапускаецца, але забараняецца выкарыстоўваць яе для ўчынення дзеянняў, якія караюцца ў крымінальным парадку: раскрываць дзяржаўныя тайны, заклікаць да захопу ўлады, распальваць нацыянальную, сацыяльную, расавую, рэлігійную нецярпімасць, прапагандаваць вайну і агрэсію, распаўсюджваць парнаграфічную прадукцыю, рабіць замах на маральнасць і годнасць грамадзян. Найбольш пашыраныя і папулярныя сярод насельніцтва сродкі масавай інфармацыі - газеты, радыё- і тэлеперадачы.

Паходжанне тэрміна «газета» звязваюць з назвай італьянскай дробнай манеты «gazzeta», за якую звычайна прадавалі рукапісныя лісткі з навінамі ў 16 ст. ў Венецыі. Першая друкаваная на паперы газета з'явілася ў Кітаі ў 8 ст., у Эўропе - у 16 ст. Першай газетай на тэрыторыі сучаснай Беларусі была «Газэта Гродзеньска», якая выдавалася ў 1776-1783 у Горадні на польскай мове. З 1838 выдаваліся афіцыйныя губернскія газеты на расейскай мове. У 1862-1863 К.Каліноўскі выдаваў на беларускай мове першую нелегальную газету «Мужыцкая праўда». Першыя легальныя газеты на беларускай мове «Наша доля» і «Наша ніва» выйшлі ў 1906. У Беларускай ССР існавалі рэспубліканскія, гарадскія, галіновыя, ведамасныя і інш. газеты, з 1924 - акруговыя, з канца 1920-х г. - раённыя, з 1938 - абласныя. На 01.01.1997 у Беларусі выходзіць больш за 500 газет. Свае газеты выдаюць партыі, грамадскія аб'яднанні і рухі, калектывы, прыватныя асобы.

Перадачы Беларускага радыё пачаліся ў 1925; цяпер вядуцца па дзвюх праграмах, сярэднесутачны аб'ём 35 гадзін. Тэлеперадачы ў Беларусі са студзеня 1956. Па стане на 1997 тэлебачанне краіны ўключае больш за 80 перадаючых, 7 прыёмных станцый спадарожнікавай сувязі, сетку радыёрэлейных ліній працягласцю 3310 км. Тэлевізійная нацыянальная праграма ахоплівае 98% тэрыторыі Беларусі. Беларускія праграмы можна прымаць у прыгранічных раёнах суседніх краін - Расеі, Украіны, Польшчы, Летувы, Латвіі.

Паведаміць пра недакладнасьць