Сталасць, найбольш працяглы перыяд жыцця чалавека, які характарызуецца дасягненнем найвышэйшага развіцця духоўных, інтэлектуальных і фізічных здольнасцей асобы. Храналагічныя рамкі сталасці дастаткова ўмоўныя і вызначаюцца перыядам ад завяршэння юнацтва і да пачатку старэння. Часам перыяд сталасці падзяляюць на стадыі: маладосць, росквіт, уласна - сталасць і інш. У гэты перыяд адбываецца росквіт інтэлектуальных і творчых здольнасцей, фармаванне жыццёвых арыентацый, вядучых матываў і інтарэсаў. На перыяд сталасці прыпадаюць найбольш значныя і жыццёва важныя падзеі: стварэнне сям'і і сямейнага дабрабыту, фармаванне сямейных адносін і бацькоўскіх абавязкаў; завяршаецца фармаванне індывіда як асобы, асноўнымі асаблівасцямі якой з'яўляюцца: пачуццё адказнасці, патрэбнасць клапаціцца аб іншых людзях, здольнасць да актыўнага ўдзелу ў грамадскім жыцці, да эфектыўнага выкарыстання сваіх ведаў, здольнасць канструктыўна вырашаць жыццёва важныя праблемы на шляху найбольш поўнай самарэалізацыі. У сталым узросце фармуецца характар, светапогляд і свядомасць індывіда, яго актыўнае ўключэнне ў пэўную сацыяльную сферу і сістэму грамадскіх адносін.

Вызначаюць дэмаграфічную сталасць, або старэнне насельніцтва, - павелічэнне ў насельніцтва долі старэйшых узростаў працаздольнага насельніцтва, а таксама долі асоб старэй за працаздольны ўзрост (60 гадоў паводле рэкамендацый ААН, у Беларусі - 55 гадоў для жанчын, і 60 гадоў для мужчын). Калі іх доля складае менш за 8%, насельніцтва лічыцца маладым, калі больш за 12% - старым. Насельніцтва можа старэць за кошт зніжэння ўзроўню нараджальнасці, з-за скарачэння смяротнасці ў старым узросце, у выніку міграцыі (адток моладзі з сяла ў горад - старэнне сельскага насельніцтва), ваенных падзей (гібель моладзі на вайне) і інш. У 1870 парог дэмаграфічнай сталасці пераступіла Францыя, каля 1901 - Швецыя, у 1931 - Вялікабрытанія, у 1937 - Германія. Інтэнсіўна гэты працэс праходзіць у краінах Заходняй Эўропы і ў ЗША. Паводле аналізу ААН колькасць старых людзей у свеце павялічыцца з 200 млн. у 1950 да 1,2 млрд. у 2025, ці з 8 да 14% адпаведна. У Беларусі старэнне насельніцтва пачалося ў 1960-я г., пашырылася ў 1980-я г.; у 1995 насельніцтва старэй за працаздольны ўзрост складала 23%.

Паведаміць пра недакладнасьць