Статыстыка (ням. Statistik ад лац. status - стан), 1) збіранне, апрацоўка, аналіз і публікацыя колькаснай інфармацыі пра розныя сферы жыцця грамадства (эканоміка, культура, мараль і інш.). 2) Галіна ведаў, у якой выкладаюцца агульныя пытанні збору, вымярэння і аналізу масавых колькасных даных. Яна распрацоўвае спецыяльную метадалогію даследавання і апрацоўкі матэрыялаў: масавыя статыстычныя назіранні, метад груповак, сярэдніх велічынь, індэксаў, балансавы метад, метад графічных выяў, статыстычнае мадэляванне. Пры апрацоўцы даных для вымярэння памылак выбаркі, аналізе сувязі паміж фактарамі, ацэнцы надзейнасці вынікаў (карэляцыйны і дысперсійны аналізы) выкарыстоўваюцца метады тэорыі імавернасцей і матэматычнай статыстыкі. Статыстыка мае раздзелы: агульная тэорыя статыстыкі, эканамічная статыстыка, галіновыя статыстыкі, сацыяльная статыстыка і інш. Вытокі статыстыкі як навукі ў так званай «палітычнай арыфметыцы» (У.Пеці, і Дж.Граўнт, Вялікабрытанія, канец 17 ст.) і ў дзяржавазнаўстве (Г.Конрынг, Германія, канец 17 ст.).