Студэнцтва. Гэтым тэрмінам карыстаюцца для абазначэння студэнтаў як сацыяльна-дэмаграфічнай групы, іх грамадскага становішча, ролі і статусу, а таксама як асаблівай формы сацыялізацыі (студэнцкія гады).

Студэнцтва як асобная група ўзнікла ў Эўропе ў 12 ст. адначасова з першымі ўніверсітэтамі. У сярэднявечча студэнцтва было неаднароднае і ў сацыяльных, і ва ўзроставых адносінах. З развіццём грамадства і павышэннем сацыяльнай значнасці вышэйшай адукацыі роля студэнцтва ў жыцці грамадства ўзрастала. Навукова-тэхнічная рэвалюцыя выклікала патрэбнасць у адукаваных кадрах. У выніку колькасць студэнтаў і іх ўдзельная вага ў агульнай масе насельніцтва ўзраслі. Павялічваецца канцэнтрацыя студэнцтва ў пэўных гарадах, мяняецца іх сацыяльны склад і полаваўзроставая структура (павялічваецца колькасць жанчын). Нягледзячы на рознае сацыяльнае становішча і матэрыяльныя магчымасці, студэнцтва, якое вызначаецца ўзроставай аднароднасцю, утварае пэўную сацыяльна-прафесійную групу, аб'яднаную пэўнай агульнасцю інтарэсаў, свядомасцю, спецыфічнай субкультурай і ладам жыцця. Сацыяльна-псіхалагічная агульнасць дапаўняецца і замацоўваецца дзейнасцю шэрагу палітычных, культурна-асветных, спартыўных і іншых студэнцкіх арганізацый.

Паведаміць пра недакладнасьць