Суб'ект (лац. subjectus - які знаходзіцца ў аснове), носьбіт прадметна-практычнай і пазнавальнай дзейнасці (індывід або сацыяльная група), крыніца актыўнасці, накіраванай на з'явы і працэсы рэальнага свету. Сучаснае разуменне паняцця суб'екта бярэ пачатак ад Дэкарта, паводле якога рэзкае проціпастаўленне суб'екта і аб'екта было зыходным пунктам аналізу пазнання і абгрунтавання ведання з пункту гледжання яго дакладнасці. Трактоўка суб'екта як актыўнага пачатку ў пазнавальным працэсе адкрыла шлях да даследавання ўмоў і формаў гэтага працэсу, яго суб'ектыўных перадумоў. Пазней Кант раскрыў асобныя істотныя законы ўнутранай арганізацыі суб'екта, якія даюць магчымасць дасягнуць усеагульнага ведання (вучэнне аб катэгорыях як формах рэгуляцыі мыслення і аб катэгарыяльным сінтэзе). Тэзіс аб сацыяльна-гістарычнай прыродзе суб'екта ў ідэалістычнай форме развіў Гегель, паводле якога пазнанне - надіндывідуальны працэс, які разгортваецца на аснове тоеснасці суб'екта і аб'екта. Дамарксісцкі матэрыялізм тлумачыў паняцце суб'екта як ізаляванага індывіда, пазнавальныя здольнасці якога маюць біялагічную прыроду і які толькі пасіўна пазнае рэчаіснасць; галоўная ж роля ў працэсе пазнання адводзілася аб'екту як прыроднай рэальнасці. Такому разуменню пазнання адпавядала матэрыялістычнае вучэнне аб чалавеку як ізаляваным, выключна прыродным індывідзе, дэтэрмінаваным у сваіх паводзінах не законамі грамадскай дзейнасці, а найперш «натуральнымі» патрэбамі. Дыялектычны матэрыялізм разглядае суб'екта як носьбіта прадметна-практычнай дзейнасці, а не толькі пазнання. З пункту гледжання дыялектычнага матэрыялізму індывід - гэта суб'ект з уласцівай яму самасвядомасцю ў той меры, у якой ён авалодаў прыладамі працы, мовай, лагічнымі катэгорыямі мыслення, маральнымі і эстэтычнымі нормамі.