Паняцце «суверэнітэт» у сённяшнім разуменні пашырылася з канца 19 ст. Разам з паняццем «дзяржава» яно атрымала ў спадчыну ад сярэднявечча ідэю адзінаўладдзя вярхоўнага феадальнага правіцеля - суверэна, для дзяржавы якога гэта было не толькі права на незалежнасць, гарантаванае ад знешніх замахаў, але і права самастойна кіраваць, ажыццяўляць усе функцыі вярхоўнай улады. Прызнанне суверэнітэту вярхоўнай улады адыграла ў ранні перыяд новага часу важную ролю ў пераадоленні феадальных сварак, ва ўмацаванні міждзяржаўных адносін і ўнутранага міру. Ахова суверэнных правоў, правоў самастойна вырашаць свае справы вельмі істотная і ва ўнутранай, і ў знешняй палітыцы, асабліва ў перыяд станаўлення дзяржаўнасці, фармавання нацыянальных супольнасцей, грамадскага, палітычнага ці дзяржаўнага ладу. Прынцып аховы суверэнітэту вызначаны Статутам ААН, замацаваны ў міжнародных пагадненнях і дэкларацыях.
Адрозніваюць дзяржаўны, нацыянальны і народны суверэнітэт. Дзяржаўны суверэнітэт абазначае незалежнасць і самастойнасць вышэйшых органаў дзяржаўнай улады і кіравання ў выкананні паўнамоцтваў, дадзеных ім народам ва ўнутранай і знешняй палітыцы. Ён ажыццяўляецца заканадаўчымі, выканаўчымі і судовымі органамі і з'яўляецца формай выяўлення і забеспячэння нацыянальнага і народнага суверэнітэту. Асноўныя яго змест і мэты вызначаны ў канстытуцыі дзяржавы. Нацыянальны суверэнітэт - абвешчаная ў нормах міжнароднага права магчымасць самастойна вызначаць форму свайго існавання, ствараць нацыянальную дзяржаву, уваходзіць у склад іншых дзяржаў, самавызначацца іншым спосабам, свабодна развіваць нацыянальную культуру, мову, звычаі, жыць на тэрыторыі, гістарычна заселенай пэўнай нацыяй. Народны суверэнітэт у многім тоесны з нацыянальным, але звязваецца з наяўнасцю дзяржаўных утварэнняў. Народ з'яўляецца носьбітам вышэйшай улады ў дзяржаве, ажыццяўляе яе непасрэдна, або праз дзяржаўныя органы.
Дзяржаўны суверэнітэт Беларусі ад імя беларускага народа абвешчаны спецыяльнай Дэкларацыяй, прынятай Вярхоўным Саветам Беларусі 27.07.1990, і замацаваны Канстытуцыяй Беларусі.