Сумленне, пачуццё маральнай адказнасці чалавека за свае паводзіны перад людзьмі і грамадствам. У лацінскай мове гэта паняцце азначала здольнасць ацэньваць свае паводзіны. Кожная эпоха, кожны народ мае сваю мараль, свае ўяўленні пра сумленне і яго змест. Але сумленне ўключае і традыцыйныя агульначалавечыя нормы маралі, патрабуе ад індывіда элементарнай чалавечнасці, прыстойнасці, справядлівасці. Яно ўключае ў сябе адзінства рацыянальных і эмацыянальных момантаў. Сумленне здольна караць чалавека нават там, дзе не мае сілу закон. Рацыянальнаму асэнсаванню можа садзейнічаць пачуццё задаволенасці сабой, тое, што называюць «спакойным сумленнем». Чалавек з годнымі паводзінамі пазбаўлены пакут сумлення. У сукупнасці сродкаў і спосабаў яго фармавання значная роля належыць самавыхаванню асобы (гл. Выхаванне), імкненню да маральнага самаўдасканалення, павышэнню патрабавальнасці чалавека да сябе.