Сусвет. Зорнае неба здаўна вабіла людзей сваёй таямнічай прыгажосцю, гармоніяй, уражвала сваёй бясконцасцю. Не выпадкова фантастычныя паданні пра паходжанне і будову нябесных сфер былі абавязковым элементам старажытнай міфалогіі ўсіх народаў. З назапашваннем фактычнага матэрыялу і ведаў аб прыродзе ўзніклі і спробы натуральнага тлумачэння будовы Сусвету. Доўгі час свет уяўляўся абмежаванай тэрыторыяй, якую засяляў чалавек і іншыя адушаўлёныя істоты (рэальныя і фантастычныя). З часам погляды на Сусвет мяняліся. Гэтаму спрыялі адкрыццё шарападобнасці Зямлі, асэнсаванне вялікай аддаленасці ад яе нябесных свяціл. Рэвалюцыйны пераварот у поглядах на Сусвет звязаны з геліяцэнтрычнай сістэмай М.Каперніка, якая пашырыла межы Сусвету да памераў Сонечнай сістэмы і заклала асновы навуковага падыходу да вывучэння яго пабудовы. Астранамічныя назіранні ў 18-20 ст. дазволілі дакладна вызначыць адлегласці паміж зоркамі і заняцца даследаваннем спачатку Галактыкі (зорнай сістэмы, у якую ўваходзіць наша Сонца), а затым і Метагалактыкі, якая складаецца з мноства галактык. Працягласць гэтай касмічнай прасторы, межы якой пакуль не акрэслены, вызначаецца многімі мільярдамі парсек (1 парсек роўны 30,857·1012 км). Сусвет - гэта складанае структурнае адзінства касмічных сістэм розных парадкаў, даступных астранамічнаму (назіральнаму і тэарэтычнаму) вывучэнню. Яго даследаваннем займаецца касмалогія. Дыялектычны матэрыялізм разглядаў Сусвет як аб'ектыўна існуючую, матэрыяльную, бясконцую і невычэрпную рэальнасць, якую можна паступова пазнаваць. Бясконцая разнастайнасць матэрыяльных формаў у бязмежным Сусвеце робіць абгрунтаваным меркаванне пра магчымасць існавання незямных цывілізацый і жыцця ў касмічнай прасторы.

Паведаміць пра недакладнасьць