Сціпласць, маральная якасць, якая выяўляецца ў тым, што чалавек не прызнае за сабой ніякіх выключных асабістых якасцей і асаблівых правоў, якія б узвышалі яго над іншымі людзьмі. Сціплы чалавек добраахвотна падпародкоўваецца патрабаванням грамадскай дысцыпліны, свае патрэбы суадносіць з тымі ўмовамі жыцця, што існуюць у грамадстве. Да людзей ён ставіцца з павагай, праяўляе цярпімасць да іх дробных недахопаў і ўчынкаў, калі яны закранаюць толькі яго ўласныя інтарэсы. Сціпласць найчасцей уласціва людзям годным, добрасумленным, якія сапраўды валодаюць станоўчымі якасцямі і ўсе свае веды, здольнасці і энергію аддаюць самай гуманнай справе - служэнню людзям. Сціпласць узвышае чалавека, упрыгожвае яго жыццё, добра ўплывае на тых, хто жыве і працуе побач з ім. Яна грунтуецца на гуманістычных прынцыпах маралі і выхоўваецца з дзяцінства.

Паведаміць пра недакладнасьць