Сям'я, від сацыяльнай супольнасці, найважнейшая форма арганізацыі асабістага побыту, заснаваная на шлюбным саюзе і сваяцкіх сувязях: на шматбаковых адносінах паміж мужам і жонкай, бацькамі і дзецьмі, братамі і сёстрамі і іншымі сваякамі, якія жывуць сумесна і вядуць агульную гаспадарку. Жыццё сям'і характарызуецца рознымі матэрыяльнымі (біялагічнымі, гаспадарчымі) і духоўнымі (маральнымі, прававымі, псіхалагічнымі, эстэтычнымі) працэсамі. Сацыяльная роля сям'і вызначаецца яе непасрэдным удзелам у аднаўленні самога чалавека, у працягванні чалавечага роду. Сям'я - катэгорыя гістарычная. Яе тыпы, формы і функцыі абумоўлены характарам вытворчых і грамадскіх адносін, узроўнем культурнага развіцця грамадства. У сваю чаргу сям'я ўздзейнічае на жыццё грамадства (дзетанараджэнне, сацыялізацыя дзяцей і падлеткаў, праца ў хатняй гаспадарцы, уплыў на фізічнае, духоўнае і маральна-эстэтычнае развіццё сваіх сябраў). У пытанні паходжання сям'і ёсць два пункты гледжання. Большасць спецыялістаў працягваюць лічыць, што ў пачатку першабытнаабшчыннага ладу панавалі хаатычныя палавыя адносіны; на змену ім прыйшоў групавы шлюб, пазней выцеснены парным шлюбам, які і стаў асновай спачатку вялікай мацярынскай, а потым вялікай бацькоўскай сям'і-абшчыны адпаведна мацярынскаму роду (матрыярхат) і бацькоўскаму роду (патрыярхат). Новыя даследаванні прывялі некаторых вучоных да высновы пра спрадвечнасць парнай сям'і, якая існавала на базе жаночага і мужчынскага роду і вяла мацярынскі і бацькоўскі адлік роднасці. Устанаўленне манагаміі суправаджалася заняволеннем мужчынам жанчыны, якая паступова ператваралася ва ўласнасць свайго мужа-гаспадара.

Сацыяльны прагрэс, рэалізацыя ідэй гуманізму адкрываюць прастору для дасягнення роўнасці жанчыны з мужчынам ва ўсіх галінах грамадскага жыцця, у тым ліку і ў сям'і. Любоў, абавязак, узаемная павага, клопаты аб выхаванні дзяцей, клопаты дарослых аб бацьках - найважнейшыя маральныя прынцыпы сучаснай сям'і.

Паведаміць пра недакладнасьць