Тавар, прадукт вытворчасці, створаны для абмену на які-небудзь іншы тавар ці грошы. Ён трапляе ў рукі спажыўца выключна праз куплю-продаж і толькі такім чынам ідзе на задавальненне патрэб чалавека. Галоўная яго ўласцівасць - абменнасць. Гэтым ён адрозніваецца ад любога іншага прадукту працы, які патрэбен людзям і грамадству, але задавальняе гэтыя патрэбы як плод сваёй жа працы ці падараваны ім іншымі, або перададзены як даніна, падатак, знаходка ці нават міласціна. Тавар узнік даўно, на межах паміж абшчынамі, калі якая-небудзь рэч выпадкова станавілася таварам і ў працэсе свайго развіцця рабілася важнай эканамічнай формай сувязі паміж людзьмі наогул. Нават выпадковая форма абмену давала магчымасць лішнюю, непатрэбную самім рэч абмяняць на патрэбную, якую гэта абшчына па нейкіх прычынах сама зрабіць не магла. Развіццё менавых адносін паміж людзьмі прывяло да пераходу ад абмену прадуктамі як таварамі да вытворчасці тавару на продаж, або таварнай вытворчасці. Першая яе ступень - простая таварная вытворчасць, тыповымі прадстаўнікамі якой былі рамеснікі і сяляне, што ўласнай працай стваралі пэўныя даброты і прадавалі іх на рынку. Умовай існавання таварнай вытворчасці з'яўляецца грамадскі падзел працы. Першым буйным падзелам грамадскай працы было вылучэнне пастухоўскіх (жывёлагадоўчых) плямён, якія прыручалі, разводзілі і гадавалі жывёлу, абменьваючы яе на прадукты земляробства. Другім буйным грамадскім падзелам працы стала адасабленне рамяства ад земляробства, трэцім - паяўленне купецтва. Трэба зазначыць, што разнастайнасць прыродных умоў для вытворчасці розных прадуктаў стварала прыродную аснову грамадскага падзелу працы.

Вышэйшая ступень таварнай вытворчасці - прамысловы капіталізм. Тавар як форма эканамічных адносін паміж людзьмі мае дваістую прыроду - спажывецкую вартасць, з аднаго боку, і менавую вартасць - з другога. Спажывецкая вартасць - гэта карыснасць таго ці іншага прадукту працы для людзей, здольнасць тавару задавальняць патрэбы людзей. Тавар - прадукт вытворцы не для сябе, а для іншых, гэта значыць для грамадства ён мае спажывецкую вартасць. Менавая вартасць - здольнасць тавару абменьвацца - выступае як прапорцыя, у якой адзін тавар абменьваецца на пэўную колькасць іншага тавару. Яна - форма выяўлення вартасці. Велічыня вартасці вызначаецца колькасцю грамадска-неабходнай працы ці грамадска-неабходным для вырабу таго ці іншага тавару часам. Грамадска-неабходны рабочы час - гэта час, які патрабуецца пэўнаму грамадству, каб зрабіць які-небудзь тавар пры сярэдніх умовах яго вытворчасці - сярэдняга ўмельства работніка, сярэднім стане выкарыстанай тэхнікі і тэхналогіі, сярэдняй інтэнсіўнасці працы, сярэдніх прыродных умоў.

Тавар - першая гістарычная форма прыбавачнага прадукту і ў той жа час форма адасаблення прадукту працы ад чалавека, вытворцы тавару. Ён паслужыў матэрыяльнай, эканамічнай асновай развіцця індывідуальных здольнасцей чалавека, яго працоўных навыкаў, эфектыўнасці і росту прадукцыйнасці працы.

Паведаміць пра недакладнасьць