Фемінізм (франц. feminisme ад лац. femina - жанчына), сацыяльна-палітычны рух за ўраўнаванне правоў жанчын з мужчынамі. Гэты рух узнік у 18 ст. ў Францыі як адна з вызваленчых плыней эпохі Асветніцтва. Мае шэраг нацыянальных і міжнародных арганізацый. Вядзе барацьбу за сацыяльныя, палітычныя, грамадзянскія правы жанчын, у імя аховы дзяцей, супраць вайны і рэакцыі.

У 1792 французская пісьменніца Алімпія дэ Гуж падрыхтавала першы маніфест «Дэкларацыя правоў жанчыны і грамадзянкі», які патрабаваў лічыць жанчын паўнапраўнымі грамадзянамі. З таго часу Алімпію дэ Гуж і яе паслядоўніц завуць «феміністкамі». Напачатку фемінізм праводзіў ідэю паўнапраўнай, свабоднай асобы, яе самарэалізацыі. У 2-й палове 19 ст. ў Англіі фемінізм набыў форму суфражызму (права голасу), які пачаў барацьбу за палітычную эмансіпацыю ці прадстаўленне жанчынам выбарчых правоў, за доступ да вышэйшай адукацыі. Пазней суфражызм пашырыўся ў ЗША, Германіі, Францыі і іншых краінах. У ліку першых поспеху дамагліся жанчыны Фінляндыі (1905), Нарвегіі і Даніі. У 1918-1920 права голасу атрымалі жанчыны Бельгіі, Германіі, Польшчы, Канады, ЗША і інш. У 1960-я г. ў ЗША актывізаваўся неафемінізм, рух за ліквідацыю розных формаў сацыяльнай і палітычнай дыскрымінацыі жанчын: радыкалы аб'явілі «вайну палоў», а памяркоўныя выступілі за парытэтнае прадстаўніцтва ва ўсіх сацыяльных інстытутах, за адмаўленне ад патрыярхальных стэрэатыпаў, праводзілі прынцып самавыяўлення, прапанавалі канцэпцыю «змешанага», а не «сексуальна падзеленага» грамадства. Сучасны фемінізм - істотная сіла дэмакратыі, якая ўздзейнічае на грамадскую актыўнасць, палітыку, цікавіцца глабальнымі праблемамі, выступае супраць мілітарызму, у абарону навакольнага асяроддзя. У Беларусі адпаведныя сацыяльныя і палітычныя правы жанчынам дадзены Канстытуцыяй Беларусі. Дабрачынны жаночы рух узнік у пачатку 1990-х г.

Паведаміць пра недакладнасьць