Характар (ад грэч. charakter - рыса, асаблівасць), індывідуальнае спалучэнне найбольш устойлівых, істотных псіхалагічных асаблівасцей чалавека, якія выяўляюць яго адносіны да рэчаіснасці і абумоўліваюць тыповы для яго спосаб паводзін. Кожны чалавек знаходзіцца ў пэўных адносінах з рэчаіснасцю, з іншымі людзьмі. Гэтыя адносіны абумоўліваюць паводзіны і маральнае аблічча асобы. У паводзінах і практычных дзеяннях чалавека выяўляюцца яго адносіны да з'яў, рэчаіснасці, да працы, сваіх абавязкаў, сяброў, да самога сябе. А форма праявы гэтых адносін у пэўнай меры залежыць ад таго, што мы называем характарам чалавека. Ён уяўляе сабою нібы каркас асобы, яе псіхічны склад, такія індывідуальна-псіхалагічныя асаблівасці чалавека, якія ў многім прадвызначаюць яго дзеянні, учынкі і паводзіны ў сацыяльным асяроддзі. Характар цесна звязаны з тэмпераментам, які вызначае знешнюю форму яго праявы. Фізіялагічнай асновай характару, як лічыў І.П.Паўлаў, з'яўляецца «сплаў» устойлівых сістэм часовых нервовых сувязей, набытых у працэсе жыцця, а таксама рыс тыпаў нервовай сістэмы чалавека. Вылучаюць 4 такія тыпы: моцны неўраўнаважаны рухомы (нястрымны); моцны ўраўнаважаны рухомы; моцны ўраўнаважаны інертны (знешне больш спакойны); слабы тып. Гэты «сплаў» утвараецца ў канкрэтных жыццёвых умовах, у працэсе дзейнасці чалавека змяняецца разам са зменамі гэтых умоў і дзейнасці. Характар уяўляе сабой цэласнае ўтварэнне, адзінства разнастайных псіхічных уласцівасцей асобы. Але, як і любое іншае цэлае, ён складаецца з пэўных частак, кампанентаў і рыс. Апошніх вельмі многа, і яны адлюстроўваюць самыя тонкія нюансы гэтага складанага псіхічнага ўтварэння. Рысы характару настолькі цесна ўзаемазвязаны, што іх нельга разглядаць ізалявана адзін ад аднаго. Яны складаюць фундамент структуры характару. Змест характару - накіраванасць асобы: перакананні, патрэбы, матывы, інтарэсы, схільнасці, ідэалы, пачуцці, маральна-валявыя якасці. Усе гэтыя кампаненты вызначаюць асаблівасці адносін чалавека да рэчаіснасці. Ідэйную аснову накіраванасці асобы складае сістэма поглядаў на свет (прыроду, грамадства, заканамернасці іх развіцця), гэта значыць светапогляд асобы. Стрыжнем характару з'яўляюцца маральна-валявыя якасці (напрыклад, «добры, чулы», або «рашучы, мэтанакіраваны»). У гэтых ацэнках адлюстроўваецца маральны бок характару і яго валявая сфера. Валявыя якасці, калі яны замацаваліся і праяўляюцца пастаянна, становяцца рысамі характару. Да іх адносяць мэтанакіраванасць, настойлівасць, рашучасць, самавалоданне, вытрымку, мужнасць, смеласць, стойкасць, вынослівасць і іншыя станоўчыя рысы. Існуюць і супрацьлеглыя, адмоўныя валявыя рысы: упартасць, нерашучасць, інертнасць, труслівасць і інш. Маральныя рысы характару могуць быць як станоўчыя (працавітасць, акуратнасць, стараннасць, беражлівасць, гуманнасць, чуласць, справядлівасць, спагадлівасць, уважлівасць, ветлівасць, шчырасць, дабрыня), так і адмоўныя (бяздушнасць, грубасць, ліслівасць, падхалімства, гультайства, неахайнасць і інш.). Характар выяўляецца і ў самаацэнках, што выражаюць адносіны чалавека да самога сябе. Гэта -сціпласць, самакрытычнасць, пачуццё ўласнай годнасці, гордасць, гонар, упэўненасць у сабе, а таксама супрацьлеглыя рысы - самаўпэўненасць, самалюбства, фанабэрыстасць, зазнайства, эгаізм і інш. Існуе некалькі класіфікацый характару. Паводле адной з іх характар бывае адкрыты і замкнёны. Паводле другой - разумовы, эмацыянальны і валявы. Асноўныя рысы характару перадаюцца чалавеку ў спадчыну. Акрамя таго, на фармаванне характару ўплывае выхаванне, сацыяльнае асяроддзе, умовы жыцця і інш.

Паведаміць пра недакладнасьць