Хлусня, феномен зносін, які заключаецца ў наўмысным скажэнні сапраўднага стану рэчаў. Найчасцей выклікана імкненнем індывіда шляхам падману дамагчыся асабістых або сацыяльных пераваг у канкрэтных сітуацыях і праяўляецца ў змесце моўных паведамленняў, якія неадкладна праверыць цяжка або немагчыма.

Можна меркаваць, што хлусня існуе столькі, колькі існуе чалавецтва. Ступень яе пашырэння ў канкрэтным грамадстве залежыць ад яго маралі, культуры. На бытавым узроўні яна мае прымітыўны характар і накіравана на тое, каб увесці ў зман знаёмых, суседзяў, нават блізкіх людзей дзеля нейкай нікчэмнай выгады або звычайнага задавальнення. У сацыяльна-палітычнай сферы хлусню выкарыстоўваюць у барацьбе за ўладу, пасады, эканамічныя ці іншыя выгады. На жаль, яна існуе і ў наш час, часам выкарыстоўваецца і ў сродках масавай інфармацыі для дыскрэдытацыі асоб, і ў карыслівых мэтах. Калі ў сацыяльна-псіхалагічным плане хлусня заўсёды з'яўляецца сродкам, то ў сферы псіхапаталогіі яна выступае як мэта міфамана-псіхапата атрымаць задавальненне ад таго, што ён уводзіць людзей у зман.

Паведаміць пра недакладнасьць