Цывілізацыя (ад лац. civilis - грамадзянскі). Каб падкрэсліць выхаванасць і інтэлігентнасць чалавека, яго характарызуюць як «цывілізаванага». Найчасцей гэтым тэрмінам ацэньваюць высокі ўзровень матэрыяльнага і духоўнага развіцця пэўных народаў, краін, сацыяльных сістэм. Антыподам цывілізаванасці ў паўсядзённым лексіконе выступае стан варварства (дзікасці), які асацыіруецца з недасведчанай, прымітыўнай і ў той жа час агрэсіўнай, разбуральнай сілай, здольнай прыносіць толькі зло і няшчасце людзям. Тэрмін «цывілізацыя» і яго маральна-этычная трактоўка ўзніклі ў Заходняй Эўропе ў эпоху Асветніцтва (18 ст.), калі філосафы стварылі вобраз дасканалага грамадства, заснаванага на пачатку розуму і справядлівасці, і назвалі яго «цывілізацыяй», маючы на ўвазе лад грамадзянскай гармоніі. Цывілізацыя разглядаецца як цэласнасць матэрыяльнай і духоўнай культуры чалавецтва, сукупны вынік сацыяльна-культурнай дзейнасці розных грамадскіх сістэм, кожная з якіх развіваецца па ўласцівых ёй законах, але робіць свой уклад у сацыяльны прагрэс, у рашэнне глабальных праблем сучаснасці. Прыярытэт агульначалавечых каштоўнасцей цяпер становіцца найважнейшай прыкметай цывілізацыі. Гэта патрабуе разумнага супрацоўніцтва ўсіх у імя захавання жыцця, культуры, чалавечай цывілізацыі на Зямлі. Само зараджэнне цывілізацыі азначала, што над прыроднымі, лакальнымі, вузкаэгаістычнымі сувязямі і інтарэсамі людзей былі створаны свядома рэгулюемыя чалавекам сацыяльныя інстытуты, закліканыя забяспечыць «выжывальнасць» і далейшае ўдасканаленне чалавечага роду. Найважнейшым, гістарычна выпрацаваным механізмам цывілізацыі, які забяспечвае яе неперарыўнасць, пераемнасць, развіццё, з'яўляецца культура. Нягледзячы на складанасць праблем сучаснага свету, шматвяковая гісторыя чалавечай цывілізацыі ўсяляе аптымізм, упэўненасць у здольнасць дзяржаў і народаў забяспечыць «самазахаванне».

Паведаміць пра недакладнасьць