Чалавек, гэта грамадская істота, што валодае свядомасцю і розумам; суб'ект грамадска-гістарычнай дзейнасці і культуры. Чалавек узнік на зямлі ў ходзе доўгатэрміновага і нераўнамернага эвалюцыйнага працэсу - антрапагенезу, многія этапы якога да канца не вызначаны. Лічаць, што 8-5 млн. гадоў назад развіццё афрыканскіх малпаў пайшло па двух лініях: адна прывяла да чалавекападобных малпаў (шымпанзэ, гарыла, арангутанг і інш.), другая - да першых гамінідаў (аўстралапітэкаў), якія мелі двухногую хаду. Верагодна, каля 2 млн. гадоў назад аўстралапітэкі далі пачатак роду «чалавек» (Homo), першым прадстаўніком якога многія вучоныя лічаць «чалавека ўмелага» (Homo habilis) - яго выкапнёвыя рэшткі знаходзяць разам са старажытнымі камянёвымі прыладамі. Каля 1,6-1,5 млн. гадоў назад ва Ўсходняй Афрыцы з'явіўся «чалавек прамаходзячы» (Homo erectus). Разнастайныя прадстаўнікі гэтага віду пачалі рассяляцца з трапічнай Афрыкі па ўсім кантыненце, а таксама ў Эўропе і Азіі. Адносна часу і месца ўзнікнення непасрэдных продкаў сучаснага тыпу - «чалавека разумнага» (Homo sapiens) - у навуцы адзінай думкі не існуе. Паводле адной гіпотэзы, ён узнік у Афрыцы каля 200 тыс. гадоў назад, паводле другой - фармаванне «чалавека разумнага» (т.зв. «сапіентацыя») адбывалася паступова ў розных частках планеты. Каля 40 тыс. гадоў назад на мяжы верхняга палеаліту «чалавек разумны» становіцца адзіным прадстаўніком сямейства гамінід і засяляе практычна ўсю Зямлю.

Паведаміць пра недакладнасьць