Чалавечнасць. Гэта якасць арыентуе чалавека на праяўленне чуласці і павагі да навакольных, імкненне заўсёды дапамагчы. Чалавечным людзям уласцівы справядлівасць у дзеяннях і ацэнках, высакароднасць і самаахвярнасць ва ўчынках, дабрыня і міласэрнасць, здольнасць прымаць блізка да сэрца радасць і гора іншых людзей. Чалавечнасць - гэта маральная якасць, якая характарызуе добразычлівасць і бескарыслівыя адносіны да людзей, гуманнасць, альтруізм, клопаты чалавека пра чалавека. Яна зыходзіць з патрабавання свабоды і годнасці асобы, адстойвае ідэю аб праве кожнага чалавека на шчасце. Там, дзе не хапае чалавечнасці, пануе зло, жорсткасць, несправядлівасць, хамства, знявага чалавечай годнасці, здрадніцтва. Вопыт сведчыць, што найбольш шчаслівы той, хто прынёс шчасце найбольшай колькасці людзей. Таму, відаць, большасць людзей імкнецца да добрых, бескарыслівых учынкаў. Але не заўсёды ўдаецца дапамагчы чалавеку, выслухаць і зразумець яго. Нават у тых, хто надзелены душэўнай шчодрасцю з дзяцінства, праяўленне чалавечнасці абавязкова звязана з напружанай працай душы. І калі гэта праца пачынае слабець, то слабее і здольнасць праяўляць чалавечнасць, бо чалавечнасць - гэта не проста абвяшчэнне любві да сябе падобных, але і канкрэтныя абавязкі, адказнасць за іх лёс, сацыяльная актыўнасць.

Паведаміць пра недакладнасьць