Экуменізм (ад грэч. oikumene - населены свет, Сусвет), рух за аб'яднанне рэлігійных канфесій. Асноўныя кірункі: рух за аб'яднанне хрысціянскіх канфесій, інтэграцыйныя працэсы нехрысціянскіх рэлігій: узгодненыя дзеянні хрысціянскіх экуменічных арганізацый з нехрысціянскімі (дзейнасць Сусветнага брацтва будыстаў, Сусветны ісламскі кангрэс і інш.). Пачатак хрысціянскаму экуменізму паклала Сусветная місіянерская канферэнцыя, якая адбылася ў 1910 у г.Эдынбург. Ставіліся пытанні вывучэння хрысціянскай місіянерскай дзейнасці ў сусветным маштабе, сістэматызацыі міжнароднага абмену інфармацыяй, па каардынацыі работы нацыянальных місіянерскіх арганізацый. Арганізацыйна аформіўся на Сусветнай асамблеі цэркваў у Амстэрдаме (1948), дзе быў створаны Сусветны савет цэркваў, у які ўваходзяць прадстаўнікі большасці пратэстанцкіх і праваслаўных канфесій. Ідэалогія экуменізму абапіраецца на розныя канцэпцыі тэалогіі і рэлігійнай сацыялогіі. Экуменістычныя арганізацыі маюць шырокі сацыяльна-культурны дыяпазон дзейнасці, удзельнічаюць у розных акцыях агульначалавечага гуманістычнага характару, што садзейнічае станаўленню новага мыслення, спрыяе ўсеагульнаму міру.

Паведаміць пра недакладнасьць