Элінізм (ад грэч. Hellen - элін, грэк), умоўная назва перыяду паміж 323-30 да н.э. ў гісторыі краін Усходняга Міжземнамор'я, Пярэдняй Азіі і Прычарнамор'я. Гэта паняцце пашыраюць на імперыю Аляксандра Македонскага і на дзяржавы, утвораныя пасля яе падзелу пераемнікамі (Селеўкідаў, Пталамееў, Пергама, Пантыйскае царства і інш.), палітычны лад якіх спалучаў элементы ўсходніх манархій з асаблівасцямі грэчаскіх полісаў. Характэрнай рысай эканамічнага развіцця эліністычнага грамадства быў рост таварнай вытворчасці і гандлю. Культура элінізму ўяўляла сабой сінтэз грэчаскай і мясцовых усходніх культур. У перыяд элінізму паявіліся працы па гісторыі, працягвалі сваю дзейнасць платонаўская акадэмія, арыстоцелеўскі ліцэй, набылі пашырэнне вучэнні стоікаў. На працягу 2-1 ст. да н.э. гэтыя дзяржавы ў выніку іх аслаблення і абвастрэння сацыяльных супярэчнасцей, войнаў і паўстанняў паступова трапілі пад уладу Рыма.

Паведаміць пра недакладнасьць