Эміграцыя (ад лац. emigro - высяляюся), выезд грамадзяніна на пастаяннае або доўгачасовае пражыванне ў іншую дзяржаву па палітычных, эканамічных, нацыянальных, рэлігійных прычынах або з-за ваенных дзеянняў ці іншых надзвычайных сітуацый. Права на эміграцыю замацавана ва Ўсеагульнай дэкларацыі правоў чалавека 1948 і Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах 1966 у дакументах Венскай (1986) і Капенгагенскай нарад па бяспецы і супрацоўніцтве ў Эўропе. У Беларусі пытанні эміграцыі рэгулююцца законам 1993 аб уездзе і выездзе грамадзян. З 1992 у краіне створана і дзейнічае дзяржаўная міграцыйная служба. Канстытуцыяй Беларусі замацавана права грамадзян пакідаць краіну і бесперашкодна вяртацца назад. Беларусь можа даваць права прытулку асобам, якія праследуюцца ў іншых дзяржавах за палітычныя, рэлігійныя перакананні або нацыянальную прыналежнасць.

Найбольш значныя хвалі эміграцыі з Беларусі прыпадаюць на рубеж 19-20 ст., 1-ю і 2-ю сусветныя войны. У час першай хвалі масавай сялянскай эміграцыі да 1914 у ЗША, Канаду, Бразілію, Аргенціну і іншыя краіны выехала каля 800 тыс. беларусаў. Падзеі 1-й сусветнай вайны, рэвалюцыі 1917 і грамадзянскай вайны, акрамя шматлікіх бежанцаў, выклікалі эміграцыю многіх асоб па палітычных матывах. З-за цяжкага эканамічнага становішча з Заходняй Беларусі на працягу 1921-1939 выехала каля 250 тыс. чалавек. 2-я сусветная вайна выклікала хвалю эміграцыі з ваеннапалонных і вывезеных на прымусовую працу ў Германію, якія не пажадалі вярнуцца на радзіму, а таксама супрацоўнікаў і службоўцаў былой акупацыйнай адміністрацыі, паліцыі, ваенных фармаванняў і інш. Эмігранты з Беларусі складаюць беларускую дыяспару за мяжой.

Паведаміць пра недакладнасьць