Багушэвіч Францішак Бенядзікт (псеўд. Мацей Бурачок, Сымон Рэўка з-пад Барысава; 21.03.1840-28.04.1900), прадстаўнік грамадскай думкі Беларусі, ідэолаг нацыянальнага адраджэння, вызваленчага дэмакратычнага руху, адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры.

Нарадзіўся ў фальварку Свіраны Віленскага павета Віленскай губ. (зараз Віленскі р-н Летувы) у сям'і дробнага шляхціца, матэрыяльнае становішча і ўмовы жыцця якога мала чым адрозніваліся ад побыту навакольных сялян. Першапачатковую адукацыю атрымаў у Віленскай гімназіі, якую скончыў у 1861. У тым жа годзе паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта, аднак праз 2 месяцы быў выключаны за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях. Вярнуўся на радзіму, працаваў настаўнікам ў в. Доцішкі. Актыўны ўдзельнік паўстання 1863-1864. У адным з баёў быў паранены. Ратуючыся ад рэпрэсій, вымушаны быў хавацца, а потым пераехаў на Ўкраіну. У 1865 яму ўдалося паступіць у Нежынскі юрыдычны ліцэй. З 1868 працаваў у судовых установах Украіны, кароткі час у Валагодскай губ. У 1884 вярнуўся ў Вільню, працаваў прысяжным павераным у судовай палаце. Асноўнымі кліентамі яго былі сяляне і гарадская бедната. Менавіта ў віленскі перыяд разгарнулася яго літаратурная і публіцыстычная дзейнасць. Пры жыцці паэта пад псеўданімамі былі надрукаваны вершаваныя зборнікі «Дудка беларуская» (Кракаў, 1891) і «Смык беларускі» (Познань, 1894), апавяданне «Тралялёначка» (Кракаў, 1892). З 1898 жыў у в. Кушляны, пахаваны ў в. Жупраны (Ашмянскі р-н).

Яго светапогляд і ідэйныя перакананні сфармаваліся ў эпоху ўзнікнення і ўзмацнення вызваленча-дэмакратычнага руху, які быў накіраваны супраць феадальна-прыгонніцкіх форм і адносін сацыяльна-палітычнага жыцця, а таксама адлюстроўваў наспелыя патрэбы нацыянальнага адраджэння і развіцця народаў, пазбаўленых сваіх суверэнных правоў на самастойнае грамадскае і духоўна-культурнае існаванне, адбудову сваёй дзяржавы. Гістарычная патрэба змен у грамадскім жыцці выспявала паступова, але няўхільна на працягу ўсяго 19 ст., набываючы ўсё больш пэўныя і выразныя формы. Асабліва цяжкімі для Беларусі былі часы пасля задушэння паўстання 1831 і закрыцця Віленскага ўніверсітэта. Афіцыйная ідэалогія сцвярджала, што такога народа, як беларускі, зусім не існуе, а ёсць толькі заходняя галіна «ўсходнеславянскага племені»; усе іншыя меркаванні лічыліся варожай польскай інтрыгай, накіраванай на адлучэнне «спрадвечных расейскіх земляў». За ліквідацыю прыгонніцтва і самадзяржаўя ў той час выступалі тайныя згуртаванні 1820-1840 гадоў (філаматы, Дэмакратычнае таварыства, Менская тайная арганізацыя, Брацкі саюз літоўскай моладзі). Вызваленчыя ідэі, і найперш ідэя свабоды прыгнечанага сялянства, а таксама ідэя роўнасці і братэрства розных народаў, усведамленне неабходнасці барацьбы «ў імя растаптаных правоў чалавека» натхнялі ўдзельнікаў Дэмакратычнага таварыства (1836-1838), створанага ў Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі Ф.Савічам. Значна паскорыліся грамадскія працэсы напярэдадні і пасля дэкрэта пра адмену прыгонніцтва.

Эпоха шырокага дэмакратычнага руху, этнакультурнай кансалідацыі беларускага народа ў Беларусі пачалася паўстаннем 1863-1864. Адным з кіраўнікоў яго стаў К.Каліноўскі. Яго рэвалюцыйная дзейнасць, якая была звязана і з польскім вызваленчым рухам, сведчыла пра афармленне ў Беларусі самастойнай палітычна-вызваленчай плыні, што адпавядала працэсам выспявання нацыянальнай самасвядомасці. Выразнай прыкметай гэтага стала ідэалагічная праграма беларускіх народнікаў, якія ў 1880-я гады ўпершыню ажыццявілі канкрэтны сацыяльна-палітычны аналіз праблемы нацыянальнага самавызначэння беларускага народа і па праву займаюць пачэснае месца ў беларускім дэмакратычным руху. Менавіта ў 1880-я гады разгарнулася і творчая дзейнасць Б. Яго актыўны ўдзел ў паўстанні 1863-1864 - яскравае сведчанне глыбокага духоўнага адзінства з найважнейшымі антыцарысцкімі, антыфеадальнымі і нацыянальна-вызваленчымі мэтамі, за дасягненне якіх змагаўся Каліноўскі. Гэта адзінства ў далейшым пацверджана яго творчай дзейнасцю, дух і пафас якой жывіўся ідэямі свабоды і дабрабыту працоўнага народа. Па глыбіні разумення ўнутраных патрэб народнага жыцця, творчай энергіі іх абвяшчэння і сіле ўплыву на паслядоўнікаў Б. стаў першым сапраўды народным выразнікам тыповых рыс і асаблівасцей нацыянальнай свядомасці, духоўным пачынальнікам і натхняльнікам працэсу нацыянальнага самаўсведамлення і адраджэння прыгнечанага народа, заснавальнікам новай беларускай літаратуры. У агульным працэсе фармавання вызваленчых імкненняў творчая дзейнасць Б. - пачатак працэсу эстэтызацыі каштоўнасцей дэмакратычнай ідэалогіі (народ, свабода, чалавек працы).

У публіцыстычных прадмовах і праграмных вершах Б. выказаны асноватворныя прынцыпы ідэалогіі нацыянальнага вызвалення. У прадмове да зборніка «Дудка беларуская» ён пісаў: «Братцы мілыя, дзеці Зямлі-маткі маёй! Вам афяруючы працу сваю, мушу з вамі пагаварыць трохі аб нашай долі-нядолі, аб нашай бацькавай спрадвечнай мове, каторую мы самі, ды і не адны мы, а ўсе людзі цёмныя «мужыцкай» завуць, а завецца яна «беларускай». Я сам калісь думаў, што мова наша - «мужыцкая» мова, і толькі таго! Але, паздароў божа добрых людцоў, як навучылі мяне чытаць-пісаць, з той пары я шмат гдзе быў, шмат чаго відзеў і чытаў: і пераканаўся, што мова нашая ёсць такая ж людская і панская, як і французская, альбо нямецкая, альбо і іншая якая» (Творы. Мн., 1991. С. 16). Праблему мовы ён вылучае як асноўную праблему нацыянальнага жыцця: «Шмат было такіх народаў, што страцілі наперш мову сваю..., а потым і зусім замёрлі. Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі». (Там жа. С. 17.) Лічыў нацыянальную мову найважнейшай формай выяўлення духоўнасці народа («язык ёсць адзежа душы»), найбольш устойлівай, асноўнай прыкметай нацыі. Беларусь - там, «дзе наша мова жывець», - пісаў Б. Пры абгрунтаванні вызваленчых памкненняў народа Б. звяртаўся да эпохі Вялікага Княства Літоўскага, проціпастаўляючы тагачасны росквіт беларускай культуры бяспраўнаму і прыгнечанаму становішчу народа ва ўмовах панавання самаўладдзя.

Выступаючы ад імя ўсяго працоўнага беларускага народа, Б. быў пераважна ідэалагічным прадстаўніком працоўнага сялянства. З сялянствам, а таксама з дэмакратычнай інтэлігенцыяй звязваў ён свае вызваленчыя ідэалы. У сацыялогіі зыходзіў з факта размежавання грамадства на «панства» - прыгнятальнікаў, і народ - людзей працы. Падзел грамадства на процілеглыя супольнасці рабіў на аснове фіксацыі канкрэтных абставін іх рэальнага жыццёвага існавання. «Адзін ходзе ў саеце, у золаце з плеч да ног, а другому, каб прыкрыцца хоць анучай - велькі труд... Адзін мае хатаў многа, а вялікіх - касцёл моў... У другога ў сцяне дзюры, вецер ходзе, дым і снег... Аднаму дзесяткі-служкі зарабляюць сотні-сот..., другі ж сам, аж за дзесятак працуючы, лье свой пот» (Там жа. С. 39). Гэта тыпова сацыяльнае размежаванне, якое вядзе і да адпаведнага ацэначнага (маральнага і эстэтычнага) паралелізму: народнага, ісціннага, чалавечага і панскага, пачварнага, драпежніцкага. Б. - носьбіт пазіцыі, тыповай для прадстаўніка дэмакратычнага руху. Яго дэмакратычная ідэалогія будавалася на адмаўленні каштоўнасцей, уласцівых феадальна-самадзяржаўнаму ладу - дзяржавы, саслоўнай іерархіі, універсальнай ідэалогіі і сцвярджэнні як вышэйшай мэты чалавека сапраўднага суб'екта мыслення, творчасці, грамадскага жыцця. Аснову дэмакратычнага руху складалі антыфеадальны гуманістычны пафас, наспелая грамадская неабходнасць індывідуальна-асабовага разняволення і развіцця. Б. стаў выразнікам тэндэнцый пачатковага перыяду станаўлення вызваленча-дэмакратычнай ідэалогіі.

У спецыфічных умовах Беларусі 2-й паловы 19 ст. патрэбы вызваленчага руху, асветленыя вышэйшымі гуманістычнымі мэтамі, былі непарыўна звязаны з тэндэнцыямі нацыянальнага адраджэння і самавызначэння. Таму ў беларускай дэмакратычнай ідэалогіі дамінавалі (асабліва на пачатковым этапе станаўлення) задачы шырокага, агульнага плана (ліквідацыя эксплуататарскай сістэмы, дасягненне грамадска-палітычнай і сацыяльна-эканамічнай свабоды працоўных мас, нацыянальнае развіццё), а не зыходна ўласцівыя самому духу дэмакратычных імкненняў мэты індывідуальнага, асабістага вызвалення. Ідэя суверэннасці народных працоўных мас (вяршэнства ў сацыяльным жыцці працаўніка, стваральніка ўсіх даброт) атрымала ўсебаковае ўвасабленне ў беларускім дэмакратычным руху. Гэты працэс пазначаны эстэтызацыяй, маральным абгрунтаваннем, выпрацоўкай ацэначных уяўленняў, паводле якіх працоўны народ - вышэйшая каштоўнасць быцця. Упершыню ідэя гістарычнага прадвызначэння працоўнага народа, глыбокае перакананне ў яго сіле і стваральных магчымасцях на ўвесь голас прагучалі на старонках «Мужыцкай праўды» Каліноўскага. Погляд на народ як на фундаментальную, жывую і сапраўдную рэальнасць гісторыі і грамадскага жыцця яскрава выявіўся ў творах Б. Народ і яго стваральная праца - выток і ўвасабленне самой сутнасці жыцця наогул: «Глядзі! Горы паразрыты, а чыгункай свет абвіты: усё з мужыцкай працы...» (Там жа. С. 21). Б. выказваў тыповае для працоўнага сялянскага асяроддзя разуменне свайго прызначэння ў жыцці як работніка-«карміцеля». Вылучэнне канкрэтнага жыццёва-вытворчага аспекту дзейнасці народа «спалучалася ў яго з паказам стваральнага характару працы, у працэсе якой дзейнасць народных мас раскрывалася як сіла, што кардынальна абнаўляе аблічча зямлі. Паняцце «народ» ахоплівае ўсіх людзей працы і найперш сялянства. У Б. гэта не толькі «мужыкі нашы», але і беларусы, беларускі народ. Новыя рысы ў трактоўцы народа знайшлі выразную аналогію ў мастацкай творчасці Б. як увасабленне пачуцця глыбокай любові да роднага краю, вернасці свайму народу і зямлі, на якой нарадзіўся і вырас («Мая хата», «Свая зямля»). Патрыятычнае пачуццё паэт раскрывае як глыбока інтымнае адчуванне арганічнай духоўнай еднасці са сваім народам і як унутраную характарыстыку сапраўднага чалавека: «Каб за край быў умёрці гатоў, каб не прагнуў айчызны чужых» (Там жа. С. 78).

Ідэя гістарычнага прызначэння мас, самастойнасці іх грамадска-палітычнага і духоўнага развіцця для Б. была ідэяй народнай свабоды, такім будучым станам жыцця і чалавечых адносін, які адпавядаў бы сапраўднай ролі народа-працаўніка і стваральніка. Свабоду ён усведамляў найперш як пабудову новага грамадскага жыцця, якая не ведае падначалення адных у імя панавання другіх, нямногіх. Выразны акцэнт ён рабіў не толькі на канкрэтных сацыяльна-эканамічных і грамадска-палітычных патрабаваннях, але і на нацыянальна-вызваленчых задачах, у т.л. на духоўна-маральных і культурных фактарах. На яго трактоўцы праблемы свабоды адбіліся тыповыя сялянскія ўяўленні пра свабодную працу на свабоднай зямлі, не пазбаўленыя, аднак, ураўняльнасці і ўтапізму. Свабоду ён разумеў як сапраўдны чалавечы стан, дасягненне якога несумяшчальнае з тагачаснымі грамадскімі адносінамі. Толькі свабода пазначана ў яго высокім пафасам паэтызацыі. «Відзеў пташку я ў клетца, як галоўкай потым б'ецца... і сканае... жыць не хоча. Нашто - гадзіну, мядзянку, пусці ў шклянае начынне, - сама сабе без прастанку будзе жаліць, покі згіне!.. Як ужо скаціна тая або гадзіна праклята і та цану волі знае, што ж для нашага-то брата, меўшы розум не скацінны, як знаць волю мы павінны?» (Там жа. С. 53).

Беларускай дэмакратычнай ідэалогіі ўласціва была тэндэнцыя да перадачы агульнага ў форме, набліжанай да наглядна-канкрэтнага. Як і Каліноўскі, Б. сутнасць чалавека ўсведамляў пераважна ў сацыяльна-эканамічным і грамадска-палітычным плане. Чалавек у яго выступаў абагульнена-канкрэтнай праявай сутнасці і памкненняў пэўнай агульнасці. Вобраз чалавека ўзбагачаўся ўнутранымі сацыяльна-псіхалагічнымі вымярэннямі. У яго творах селянін сам выказвае свае адносіны да канкрэтных з'яў рэчаіснасці, сам гаворыць пра свае інтарэсы і патрэбы.

Усведамленне супярэчлівасці быцця, глыбокае пранікненне ў яго дысгарманічную сутнасць абумовілі наватарскія рысы творчай пазіцыі Б. Ён стаў пачынальнікам новага этапу развіцця беларускай літаратуры, эстэтыкі, грамадска-палітычнай думкі. Прынцып рэалізму і народнасці - аснова, фундамент яго творчасці, дэмакратычны характар якой выразна раскрыўся ў падыходзе да народнага жыцця як галоўнага аб'екта мастацкага адлюстравання, вылучэнні ў цэнтр ідэйна-мастацкіх інтарэсаў прадстаўніка народа, чалавека працы. Імкненне садзейнічаць уздыму самасвядомасці працоўнага беларускага народа вызначыла і кірунак дзейнасці Б. ў галіне літаратуры, а таксама разуменне яе грамадскага прызначэння як істотнага фактару нацыянальнай кансалідацыі беларускага народа. «Смык ёсць, а хтось скрыпку, можа, даробе, а там была «Дудка» - вот і мы зробім музыку...» (Там жа. С. 65). Гэта было не толькі сцвярджэнне патрэбы літаратурна-мастацкага развіцця, але і разуменне факта існавання літаратуры як неабходнай перадумовы паўнакроўнага нацыянальнага жыцця. «Зрабіць музыку» для Б. не проста мастацкая, «чыста» літаратурная ўстаноўка. Лёс беларускай літаратуры неадрыўны ад лёсу працоўнага беларускага народа, і менавіта розум і клопат пра яго будучае гістарычнае жыццё - пафас мастацкай дзейнасці Б. Пра гэта яскрава сказана ў праграмных вершах «Мая дудка» і «Смык». Неадлучнасць ад жыцця і імкненняў працоўнага народа - арганічны фактар існавання паэзіі Б. Яго «дудка» сумная, бязрадасная, як само жыццё народа. Але ў паэзіі Б. заключана вялікая сіла, закліканая памагчы народу пазбавіцца бяды, галечы, прыгнёту і выйсці на новыя абсягі жыцця. Некаторае адценне ўтылітарызму ў такім падыходзе да літаратуры якраз было праявай цэльнасці дэмакратычнай народнай пазіцыі Б. Ён ускладаў на літаратуру задачы, што маглі быць вырашаны толькі ў працэсе развіцця ўсіх бакоў духоўнага і матэрыяльнага жыцця народа. Сцвярджэнне велізарнай сілы ўздзеяння і ўплыву мастацкага слова («Смык») было адначасова сцвярджэннем невычэрпнасці стоеных у народзе сіл, што падтрымлівалі веру паэта ў будучыню. Задача стварэння нацыянальнай літаратуры ў Б. непарыўна звязана з усведамленнем яе значнай грамадскай місіі - служэння працоўнаму народу, справе яго вызвалення.

Б. - першы, хто найбольш поўна і паслядоўна выказаў наспелую патрэбу ў існаванні нацыянальнай літаратуры і эстэтыкі. Гэта была першая нацыянальная эстэтыка, якая ставіла ў цэнтры патрэбу пазнання і тлумачэння рэчаіснасці народнага жыцця. Менавіта рэалістычная і дэмакратычная тэндэнцыйнасць абумовіла характар ідэйна-эстэтычнай пазіцыі паэта і сутнасць яе найважнейшых момантаў. Ісціннасць як цэласнасць зыходнай пазіцыі ў Б. неадлучна ад ідэі ўсеагульнага адзінства: «Каб уся зямелька адну праўду мела», каб гэта праўда «людцоў» з'яднала» (Там жа. С. 30, 29). Паводле Б., ісціннасць несумяшчальная з варожасцю, панаваннем і падначаленнем. Сам дух такога памкнення гарманічна-ўпарадкавальны, г.зн. эстэтычны, глыбінныя асновы яго сацыяльныя і маральныя. Межы ісціннасці ўключаюць пэўныя сацыяльныя сферы грамадскага жыцця - перш за ўсё народ, працоўныя масы, працаўніка як чалавека сапраўднага; усё, што знаходзіцца па-за гэтымі межамі, ёсць няісціннае, пачварнае - жыццё панства, прыгнятальнікаў, тып чалавека-пана.

Імкнучыся зразумець свет у цэласнасці, у яго найбольш істотных праявах, навакольнае ён успрымае як свет невырашальных супярэчнасцей, як свет, што знаходзіцца ў трагічным стане. Важнае месца ў сістэме мыслення і вобразнасці Б. займае прынцып кантрастнага проціпастаўлення як форма адлюстравання драматычнай разарванасці рэчаіснасці. Найважнейшыя тыпы проціпастаўленняў у яго творах (мужык - пан, мужык - мноства паноў, мужык - безліч дзяржаўна-бюракратычных устаноў) пераконваюць, што для грамадства, пабудаванага на прыгнёце людзей, уласцівы працэс пастаяннага ўзнікнення і павелічэння зла. І выходзіць, што свет, які бачыць і адлюстроўвае Б., быццам і не зямля пад сонцам і зоркамі. Сонца для паэта - гэта праўда, якую закапалі, схавалі, а таму і свет гэты шэры, без святла. А зоркі? Ды над працаўніком столькі чыноўнікаў, колькі камення ў полі, колькі зорак у небе («Як праўды шукаць»). Аснова гэтага свету, паводле Б., - начальства, бюракратычна-чыноўны апарат, бізун - сімвал насілля, рабства і прыніжэння, слуп - мяжа падзелу, знак няроўнасці («У астрозе»). Універсальнасць панавання стану несвабоды ператварае свет у велізарную турму. Турма як самы яркі сімвал несвабоды выступае ў вершаванай аповесці «Кепска будзе!» найбольш адэкватным вобразам рэчаіснасці.

Адзінота і безабароннасць чалавека перад жорсткім уціскам абсалютнай дзяржаўнай улады і яе «законнымі прадстаўнікамі» - галоўная тэма разважанняў паэта. Назіраючы жыццёвыя перамены, якія адбываліся ў Беларусі ў паслярэформенны час, ён адзначаў, што абвешчаная свабода вяла толькі да павелічэння цяжару на плячах працаўніка. Тут ён падыходзіў да драматычнага пытання: што нясе ход часу, лінія нашай гісторыі - пашырэнне межаў свабоды ці яе звужэнне? Адсюль вытокі трагедыйнай афарбоўкі светапогляду паэта. Не прамая сацыяльная тэндэнцыйнасць, не бяскрыўдны камічна-бытавы жарт, а сапраўдная шырыня мыслення, абарона народа і чалавека, яго гонару і годнасці перад усеабдымнай сістэмай дзяржаўнага падначалення і прыніжэння зрабілі Б. ў свой час «мужыцкім адвакатам», а зараз робяць арганічна сугучным сучаснасці, яе сапраўды трагічным калізіям.

Моцным і шматгранным было ідэйна-творчае ўздзеянне Б. на паслядоўнікаў. Увесь наступны працэс фармавання дэмакратычнай ідэалогіі, грамадскай і эстэтычнай думкі, новай беларускай літаратуры адзначаны свядомым наследаваннем яго спадчыны. Пра гэта красамоўна сведчыць творчая дзейнасць А.Гурыновіча і Цёткі, Я.Купалы і Я.Коласа.

Тв.: Творы. Мн., 1967; Вершы. Мн., 1976; Творы. Мн., 1991.

Літ.: Карский Е. Белорусы. Т. 3, вып. 3. Пг., 1922; Гарэцкі М. Гісторыя беларускай літаратуры. 3 выд. М.; Л., 1924; Барысенка В. Францішак Багушэвіч і праблема рэалізму ў беларускай літаратуры XIX стагоддзя. Мн., 1957; Майхрович С. Жизнь и творчество Ф.Богушевича. Мн., 1961; Навуменка І. Пісьменнікі-дэмакраты. Мн., 1967; Александровіч С. Гісторыя і сучаснасць. Мн., 1968; Пачынальнікі (склад. Г.В.Кісялёў). Мн., 1977; Майхрович С. Белорусские революционные демократы. Мн., 1977; Лойка А.А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд. Ч. 1. 2 выд. Мн., 1989; Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры. Т. 2. Мн., 1969; Очерки истории философской и социологической мысли Белоруссии (до 1917 г.). Мн., 1973; История белорусской дооктябрьской литературы. Мн., 1977.

А.Майхровіч Выбраныя творы Францішка Багушэвіча на Беларускай Палічцы

Паведаміць пра недакладнасьць