Дунін-Марцінкевіч Вінцэнт (псеўд. Навум Прыгаворка; 04.02.1808 [паводле інш. звестак 1807] - 29.12.1884), прадстаўнік культурна-асветнай плыні ў грамадскай думцы Беларусі, адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры, заснавальнік нацыянальнай драматургіі і тэатра. Нарадзіўся ў фальварку Панюшкавічы (Бабруйскі р-н) у сям'і дробнага шляхціца. Закончыў Бабруйскую павятовую школу (1824). Вучыўся ў Пецярбургскім (ці Віленскім) універсітэце на медыцынскім факультэце. З 1827 служыў у Менскай епархіяльнай кансісторыі, Менскай крымінальнай палаце. У 1840 пакінуў службу, набыў фальварак Люцынка каля г. Івянца. Тут разгарнулася яго культурна-асветная, літаратурная і тэатральная дзейнасць і прайшлі ўсе наступныя гады жыцця. У час паўстання 1863-1864 абвінавачваўся ў распаўсюджванні «шкодных для ўрада» ідэй, быў арыштаваны, знаходзіўся пад следствам, потым выпушчаны пад нагляд паліцыі. Пісаў па-беларуску і па-польску. Творчую дзейнасць пачаў з оперных лібрэта, першыя з якіх не захаваліся. У 1846 у Вільні надрукаваны яго драматычны твор «Сялянка» («Ідылія»; пастаноўка ажыццёўлена ў Менску ў 1852). У 1850-я гады стварыў шэраг паэтычных твораў, вершаваных аповесцей і апавяданняў - «Вечарніцы» і «Гапон» (1855), «Купала» (1856), «Шчароўскія дажынкі» (1857), «Травіца брат-сястрыца» і «Быліцы, расказы Навума» (нап. 1857). Пісаў таксама творы на польскай мове: «Благаславёная сям'я» і «Славяне ў XIX ст.» (1856). У 1859 пераклаў на беларускую мову паэму А.Міцкевіча «Пан Тадэвуш». Арганізаваў тэатральную трупу - першы беларускі тэатр, які наладжваў спектаклі ў Люцынцы, а таксама ў Менску, Бабруйску і інш. месцах. У 1860-1870-я гады напісаў камедыі «Пінская шляхта» і «Залёты». Значная частка яго твораў, у т.л. камедыі, не ўбачылі свету пры жыцці аўтара.

Дзейнасць Д.-М. разгортвалася ў перыяд глыбокага крызісу феадальна-прыгонніцкай сістэмы, паступовага, але няўхільнага ўсталявання новых грамадскіх адносін, развіцця ў Беларусі дэмакратычнага нацыянальна-вызваленчага руху. Яго светапогляд і творчасць увабралі ў сябе істотныя тэндэнцыі гістарычнага развіцця народа ў гэты пераломны час, адлюстравалі яго драматызм і глыбокую супярэчлівасць. Вышэй за ўсё ставячы агульны дабрабыт народа і грамадства, ён лічыў немагчымым набліжэнне гэтага без пераадолення процілегласці сацыяльных інтарэсаў і без дасягнення сацыяльнай гармоніі ў грамадскім жыцці. Шлях да гармоніі ён бачыў у маральным удасканаленні, асветніцтве, развіцці нацыянальнай культуры. Сапраўдная каштоўнасць яго творчасці - у гуманістычным пафасе ўзвышэння працоўнага чалавека, селяніна, усведамленні неабходнасці развіцця нацыянальнай культуры і літаратуры, што адлюстроўвала, хоць не заўсёды выразна, карэнныя патрэбы беларускага народа як паўнацэннага, самастойнага суб'екта гісторыі, грамадскага жыцця, духоўнай творчасці.

У тагачасных умовах Д.-М., абставінамі выхавання арганічна далучаны да традыцый польскай літаратуры і эстэтыкі, прыходзіць да сцвярджэння неабходнасці існавання беларускай літаратуры і культуры. Практычнай рэалізацыяй гэтай пазіцыі стала яго літаратурная творчасць на беларускай мове. Такі кірунак памкненняў пісьменніка выходзіў далёка за межы ўласна літаратурных інтарэсаў і набываў надзённы грамадска-палітычны сэнс.

Пісьменніку былі блізкія многія ідэі шляхецкіх рэвалюцыянераў. Аднак ён быў прыхільнікам паступовых пераўтварэнняў, духоўна-маральных сродкаў і спосабаў дасягнення грамадска значных мэт. Яго творчая дзейнасць прыпала на час, калі ў вызваленчым і нацыянальна-адраджэнскім руху ўсё больш важнай станавілася сялянская рэвалюцыйна-дэмакратычная плынь, што паўплывала на характар і кірунак яго творчасці. Новыя, дэмакратычныя тэндэнцыі спалучаліся ў Д.-М. з прыхільнасцю да мінулага, да ідэалізацыі яго. Яшчэ захоўваўся стары іерархічна-саслоўны дух, і пісьменнік імкнуўся ўзняць яго на ступень асветніцтва і шчырага клопату пра дабрабыт сялян. Вынікам такога спалучэння стала сцвярджэнне прынцыпу агульнага дабрабыту, які трактаваўся ў абстрактна-пашыраным плане і падпарадкоўваўся ідэі сацыяльнай згоды, маральна-духоўнай кансалідацыі. Прынцыпы адзінства ўсіх сіл і магчымасцей народа, аб'яднання ўсіх пластоў і груп у працэсе сацыяльнай і культурнай творчасці давалі перспектывы сапраўды шырокага і плённага ажыццяўлення нацыянальна-адраджэнскіх тэндэнцый, будучага развіцця народа і яго культуры.

Светапогляд Д.-М. меў пераважна маральна-эстэтычны характар, быў прасякнуты ўстаноўкай на пошукі гарманічных узаемасувязей у сферы сацыяльных адносін, а таксама ў галіне культуры, маралі, нацыянальнага жыцця. Асновай, на якой магчыма было дасягненне гэтага гарманічнага адзінства, Д.-М. лічыў узровень патрыярхальных адносін. Так выяўлялася арыентацыя на мінулае як крыніцу ідэалізаваных норм адносін паміж людзьмі і імкненне да ідэальнай сучаснасці. Спроба рэстаўрацыі ідэалізаванага мінулага абумоўлівала тэндэнцыю да разумення ім сутнасці быцця як трывала ўсталяванага, гарманічна завершанага.

Асаблівае значэнне для пісьменніка набываў прынцып гарманічнага адзінства ў сферы маралі, паколькі эстэтычная ацэнка ў яго творчасці неадлучная ад маральнай. Гэта характарызавала яго пазіцыю як асветніцкую, якой была ўласціва ідэя карыснасці мастацтва, падыход да яго як да сродку сцвярджэння пэўных маральных норм. З дапамогай мастацтва маральныя ўяўленні і ўзоры ўзвышаліся да ступені эстэтычнага ідэалу. Грамадскія адносіны Д.-М. імкнуўся вытлумачыць праз прызму ідэалізаваных норм патрыярхальнай маралі, таму сацыяльныя адносіны ў яго набывалі аблічча адносін паміж бацькамі і дзецьмі ў вялікай зладжанай сям'і. Прынцып гарманічнага адзінства ў сферы сацыяльнага жыцця вёў да сцвярджэння ідэі класавага салідарызму. Д.-М., безумоўна, усведамляў наяўнасць сацыяльных супярэчнасцей, прызнаваў, што сярод сялян «укаранёны з дзяцінства супраць... паноў погляд» (Тв. Мн., 1984. С. 258), абвострана адчуваў антыгуманнасць грамадскага становішча, калі адны працуюць, а другія толькі карыстаюцца вынікамі працы. Таму відавочнасці сацыяльнага антаганізму ён імкнуўся проціпаставіць культурна-асветную дзейнасць адукаваных паноў (арганізацыя нацыянальных школ, стварэнне літаратуры на беларускай мове), што, на яго думку, здольна ўраўнаважыць існуючую няроўнасць. «Наша нешчаслівае мінулае, - пісаў ён, - давяло вясковы люд да заняпаду... Яшчэ ёсць час, каб нашы грамадзяне спахапіліся і, утвараючы школкі, прытулкі і іншыя магчымыя ахвяры, імкнуліся гэтую малодшую брацію сваю, якая ўмее быць удзячнай, прытуліць да сэрца і для ўсеагульнага дабра з ёй моцна аб'яднацца» (Там жа. С. 482).

Асаблівае значэнне ў ажыццяўленні гэтай мэты ён надаваў літаратуры на беларускай мове, якая, звяртаючыся і да пана і да селяніна, паказвала прыцягальнасць стану грамадства, дзе захаваны формы простых і добразычлівых адносін паміж людзьмі розных сацыяльных станаў.

Гаворачы пра вытокі сваёй літаратурнай дзейнасці, Д.-М. пісаў: «Жывучы сярод люду, які размаўляе па-беларуску, прасякнуты яго ладам думак, марачы аб долі гэтага братняга племені, анямеўшага ў маленстве ад невуцтва і цемнаты, вырашыў для заахвочвання яго да асветы ў духу яго звычаяў, паданняў і разумовых здольнасцей пісаць на яго ўласнай гаворцы» (Там жа. С. 481). Момант «заахвочвання да асветы» і маральнага ўдасканалення пісьменнік падкрэсліваў пастаянна. Абуджэнне народа да духоўнага жыцця ён разглядаў як крок унутранага развіцця, які зробіць рэальным маральныя ўяўленні пра гарманічныя адносіны паміж людзьмі, найперш паміж панам і селянінам. Паводле меркавання пісьменніка, дасягненне гэтай мэты ў большай ступені залежала ад паноў, ад таго, наколькі яны самі стануць носьбітамі лепшых духоўных якасцей і будуць садзейнічаць укараненню гэтых маральных уяўленняў. У прадмове да «Літаратурных клопатаў» Д.-М. намаляваў ідылічную сцэну, як арыстакратычная, добра выхаваная пані чытае ў святочны дзень кнігу сялянам. Пісьменнік падкрэсліваў навізну самога прынцыпу духоўнага ўзаемадачынення, кантактаў розных сацыяльных пластоў, дзякуючы чаму сяляне даведваюцца, што «паны апісваюць іх звычаі і ахвотна цікавяцца іх доляй» (Там жа. С. 258). Асветніцкі характар яго пазіцыі, яе канкрэтная акрэсленасць выяўлены ў дадзеным выпадку асабліва выразна. Глеба духоўнасці ўяўлялася яму нейтральнай і ўсеагульнай, пачаткам вырашэння жыццёвых супярэчнасцей і праблем.

Існаванне літаратуры на беларускай мове абгрунтоўвалася ім задачамі асветніцкімі і «маральнага выпраўлення», што адкрывала шлях да пераадолення сацыяльных цяжкасцей. Ступень яе ўздзеяння вызначала і важнасць ускладаемай на літаратуру ролі. Таму была пастаўлена праблема даступнасці літаратуры. На першы план Д.-М. вылучаў фактар беларускай мовы, неабходнасць захоўваць яе адпаведнасць узроўню духоўнага развіцця чалавека працы (дух народных звычаяў, паданняў). Так пазначалася фальклорна-этнаграфічная арыентацыя літаратуры на беларускай мове, зварот яе да каштоўнасцей народнай культуры.

У «Літаратурных клопатах» адна з частак названа «Падарожжа на Беларусь» - у тую ідэалізаваную краіну, дзе пануюць адносіны братэрства, любві, добразычлівасці. Нацыянальная ідэя праяўлялася ў яго як ідэя-мара пра Беларусь. Але і такое яе выяўленне сведчыла пра наяўнасць тэндэнцый да кансалідацыі, самавызначэння ўнутраных пачаткаў нацыянальнага жыцця беларускага народа. Агульная ідэя сацыяльнай гармоніі была цесна звязана з поглядам Д.-М. на лёс культуры. Сцвярджэнне ім самабытнага характару культуры Беларусі грунтавалася ў першую чаргу на рэальных рысах духоўнага багацця беларусаў, увасобленага ва ўсім складзе светапогляду народа, у яго паданнях, песнях, звычаях, побыце. Разам з тым паняцце культурнай самабытнасці неадлучна ад яго ідэалізатарскіх імкненняў. Тэндэнцыя класавага салідарызму абгрунтоўвалася патрэбамі духоўнага і культурнага плана, якія мелі для пісьменніка першаступеннае значэнне. Таму вышэйшай мэтай яго імкненняў становіцца не проста «чыста» сацыяльная тэндэнцыя аб'яднання. Ён меў на ўвазе адукаванае дваранства- носьбіта высокіх духоўных якасцей, узорнага ў маральных адносінах - і далучанае да асветы ў выніку стварэння літаратуры на беларускай мове сялянства, якое захавала лепшыя здабыткі самабытнай народнай культуры.

Праблема культурнай пэўнасці Беларусі вырашалася ім як сінтэз і адзінства дзвюх культур - дваранскай і народнай, першая нясе высокі ўзровень духоўнасці, другая вызначае самабытнасць. Такое адзінства дваранскай і народнай культур павінна было стварыць фундамент, абумовіць характар новай беларускай культуры, дзякуючы якой «мясцовы» патрыятызм перастане адыгрываць другарадную ролю і набудзе самастойнае абгрунтаванне. У гэтым Д.-М. бачыў прызначэнне беларускіх пісьменнікаў. Менавіта гэта думка выказана ў «Літаратурных клопатах»: «Захаваць старыя звычкі просім вас, паэтаў, вы злучаеце веру продкаў з нашаю асветай» (Збор тв. Мн., 1958. С. 234). Ідэя культурнай самабытнасці мела выразную тэндэнцыю да кансалідацыі, проціпастаўлялася сляпой пераймальніцкай арыентацыі арыстакратычных вярхоў на культуру, мову і норавы Захаду.

Імкненне Д.-М. да сцвярджэння гарманічнага пачатку найбольш поўна выявілася ў яго мастацка-эстэтычных уяўленнях: ідэальнае (узорная норма), камічнае (з выхадам да сатыры) і адмоўна-эстэтычнае (пачварнае, карыкатура). Такая іерархія эстэтычных сфер - водгук эстэтыкі класіцызму з яе строгім размежаваннем высокіх і нізкіх сфер, для якой народнае жыццё было эстэтычна «зніжаным». Значэнне ж эстэтыкі Д.-М. ў тым, што ён спрыяў падняццю «зніжанага» (народнае жыццё) да ўзроўню ідэальнага, хоць адбітак няроўнасці захоўваўся і ў яго сістэме эстэтычных уяўленняў.

У цэлым ідэал Д.-М. можа быць вызначаны як ідэал арганічна-быційнай гармоніі - сімвала прастаты, натуральнасці і чалавечнасці, - які проціпастаўляецца складанасці, маральнаму хаосу гарадскога жыцця і арыентаванасці арыстакратычных вярхоў на Захад. Гэта было проціпастаўленне старога новаму (вёскі - гораду), у аснове якога ляжалі маральныя крытэрыі. Прастата і чалавечнасць звязваліся з ідэалізаванымі патрыярхальнымі адносінамі, узаемная варожасць і маральнае бязладдзе - з новымі павевамі ў жыцці, якімі ахоплены ў першую чаргу горад. Крытыкуючы надыходзячы капіталізм, Д.-М. здолеў убачыць антыгуманную сутнасць меркантыльнага падыходу да жыцця. У гэтым шырокім сацыяльным працэсе ён найперш адчуваў пагрозу прастаце і натуральнасці жыцця, добразычлівасці ў людскіх адносінах. Вёска для пісьменніка была хавальнікам дарагіх яму маральных прынцыпаў (хоць гэта была хутчэй ідэалізаваная, чым рэальная вёска). Зварот да прыроды і вёскі, узбагачаны яго глыбокім патрыятычным матывам, сугучны пачуццю адзінства з родным краем, шлях далучэння да патрэб і інтарэсаў «сялянскага люду» - беларускага народа. З радасным хваляваннем ступае пісьменнік на гэты шлях: «І не дзіўна, што так біцца маё сэрца стала, і не дзіўна, што душу так радасць напаўняла, калі ўбачыў я, як кінуў позірк на дарогу, коней цуг і беларуса-фурмана старога» (Там жа. С. 226). Так народнае жыццё ўваходзіла ў сферу ідэальнага, станавілася паўнапраўным аб'ектам мастацкага адлюстравання.

Імкненне Д.-М. да гарманічнага вырашэння грамадскіх супярэчнасцей і праблем пастуліравала раўнапраўе ў яго ідэйна-мастацкай канцэпцыі рэчаіснасці і ў ідэальнай сферы двух бакоў - панства і сялянства, жыцця паноў і народнага жыцця. Ідэальныя вобразы паноў ілюстравалі тэзіс пісьменніка пра добрага пана - клапатлівага бацьку сваіх сялян. Сам пісьменнік адзначаў, што яны не былі рэальнымі вобразамі. Адначасова ўвядзенне народнага жыцця ў сферу ідэальнага мела наватарскае на той час значэнне, прынцыпова важнае для далейшага развіцця беларускай літаратуры. У рэчышчы дыдактычнай накіраванасці Д.-М. стварыў шэраг вобразаў сялян (Ананій у «Вечарніцах», Халімон Накліка ў «Купале»), хавальнікаў патрыярхальнай маралі (даследчыкі справядліва адзначалі аднатыпнасць і слабасць гэтых вобразаў). Сапраўдныя ж мастацкія дасягненні пісьменніка ляжалі па-за межамі такой накіраванасці. Гэта смелы і рашучы чалавек, здольны пастаяць за свае правы Гапон, светлы і чысты вобраз Агаткі з «Купалы» і шэраг інш. вобразаў, у якіх адлюстраваны рэальныя рысы народных характараў.

Стваральная, аб'яднальная тэндэнцыя ў творчасці Д.-М. - найбольш яркае выяўленне памкнёнасці пісьменніка да гарманічнага спалучэння мэты ўсіх яго намаганняў і крытэрый станоўчай эстэтычнай ацэнкі. Прынцыпы сацыяльнага яднання і сямейнага адзінства выступалі ў яго як асноўныя тыпы духоўнага і маральнага саюзу - перадумовы ўпарадкаванага жыцця, арганізаванай, гарманічна завершанай рэчаіснасці. Праз прызму гарманічна-маральнага пагаднення пісьменнік паслядоўна праводзіў сяброўства, любоў, сям'ю, сацыяльны мір.

Маральны характар ідэалу, што сцвярджаў Д.-М., выразна высвечваўся тымі патрабаваннямі, якім, на яго думку, павінен адпавядаць сапраўдны чалавек («Залёты»). Сапраўдным чалавекам, высока маральным выступае ў яго адукаваны, гуманны памешчык, які не спяшаецца безразважна пераймаць чужыя норавы і павевы і накіроўвае свае намаганні на дабрабыт роднага краю. Селянін пры гэтым застаецца аб'ектам яго гуманізатарскай і асветніцкай дзейнасці. Пісьменнік рабіў выразны акцэнт на «добрай славе ў людзей», падкрэсліваючы матывы служэння люду, адзначаў, што перш за ўсё трэба бачыць духоўна-маральныя якасці («сэрца»), адукаванасць і «славу ў людзей», а не звяртаць увагу на багацце чалавека. Маральна-эстэтычны дуалізм Д.-М. звязаны з фальклорным прынцыпам «дабро - зло», з выразнай насычанасцю дзвюх асноўных фарбаў-тонаў пры абмалёўцы вобразаў - светлых і цёмных. Добрае ў яго - аб'яднальнае, гарманічнае, г.зн. прыгожае; злое - разбуральнае, дысгарманічнае, а таму адмоўнае, цёмнае, хаатычнае, пачварнае. Сфера адмоўна-эстэтычнага займала ў яго эстэтыцы намнога меншае месца, чым ідэальнае. Адмоўна-эстэтычныя фарбы выкарыстоўваліся пераважна з павучальнай мэтай, каб паказаць, што трэба рашуча адхіляць. Разбуральная тэндэнцыя ў яго творах таксама заўсёды была падначалена гарманічнаму пачатку. Прыклад унутранай маральнай спустошанасці дадзены пісьменнікам у вобразе Сабковіча («Залёты»), для якога грошы сталі адзінай мэтай усіх жыццёвых намаганняў.

Камічнае ў эстэтыцы Д.-М. з'яўлялася прамежкавай сферай паміж ідэальным і адмоўна-эстэтычным, што рабіла немагчымым іх непасрэднае сутыкненне. Гэта сфера была рухомай, гнуткай, здольнай судакранацца са станоўча-эстэтычным і з разбуральным. У цэлым камічнае ў Д.-М. - гэта зніжанае ў параўнанні з ідэальным, і таму з'яўлялася простанародным. Аднак камічнае паступова ператваралася ў форму асваення жыцця народа, спрыяла дыферэнцыяцыі адносна самастойных тыпаў эстэтычнай ацэнкі - сатыры, іроніі, сарказму. Пасля «Ідыліі» («Сялянкі») пачаў пісьменнік узвышаць і ідэалізаваць народнае жыццё, што выходзіла за межы камічнага. На пэўным этапе творчасці Д.-М. (у 1856-1857) аформілася тэндэнцыя ставіць прадстаўніка народа ў цэнтры твора, што спрыяла пашырэнню сферы і магчымасцей камічнага. Такія тэндэнцыі яскрава выявіліся ў «Пінскай шляхце», дзе няма эстэтычнай іерархічнай двухпластовасці, як у іншых вадэвілях-фарсах і п'есах Д.-М. На першы план вылучаецца смех, які набывае сілу сатырычнага выкрыцця і накіраваны супраць прадстаўнікоў царскай бюракратычнай сістэмы.

Роля Д.-М. ў развіцці беларускай нацыянальнай культуры вельмі значная. Ён быў адным з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры; яго творчасць стала важным этапам яе фармавання ў вельмі неспрыяльных умовах. Народнае жыццё і прадстаўнік працоўнага народа сталі аб'ектам пільнай увагі пісьменніка, што на той час было крокам немалой грамадзянскай мужнасці. Ён настойліва шукаў гарманічныя высновы чалавечага быцця. Можна не пагаджацца з уяўленнямі Д.-М. пра справядлівае ўладкаванне грамадства, аднак трэба аддаць належнае яго настойлівым пошукам дасканаласці і гармоніі, яго імкненню садзейнічаць дабрабыту роднага краю і свайго народа.

Тв.: Збор твораў. Мн., 1958; Творы. Мн., 1984.

Літ.: Купала Я. «Залёты», аперэтка Вінцука Дуніна-Марцінкевіча // Зб. тв. Мн., 1976. Т. 7; Богданович М. Белорусское возрождение // Зб. тв. Мн., 1968. Т. 2; Гарэцкі М. Гісторыя беларускай літаратуры. 3 выд. М.; Л., 1924; Майхровіч С. В.І.Дунін-Марцінкевіч. Мн., 1955; Барысенка В.В. Францішак Багушэвіч і праблема рэалізму ў беларускай літаратуры XIX стагоддзя. Мн., 1957; Семяновіч А.А. Беларуская драматургія (дакастрычніцкі перыяд). Мн., 1961; Навуменка І. Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Мн., 1992; Пачынальнікі. Мн., 1977; Лойка А.А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд. Ч. 1. 2 выд. Мн., 1989; Очерки истории философской и социологической мысли Белоруссии (до 1917 г.). Мн., 1973; Кісялёў Г. Спасцігаючы Дуніна-Марцінкевіча. Мн., 1988; Янушкевіч Я. Беларускі Дудар: Прабл. славян. традыцый і ўплываў у творчасці В.Дуніна-Марцінкевіча. Мн., 1991.

А.Майхровіч Выбраныя творы Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча на Беларускай Палічцы

Паведаміць пра недакладнасьць