Кастлявы. Схуднелы, высахлы, з выступаючымі касцямі; сухарлявы.
Бабцы было гадоў пад дзевяноста. У твары і ў кастлявых руках ні крывінкі, вочы выцвілі, высахлі. М.Лобан.
Касцявы. Які мае адносіны да косці; з касцей.
У ніжэйшых пазваночных шкілет храстковы, у вышэйшых і чалавека пераважна касцявы. Звязда.
Касцяны.
1. Выраблены з косці.
Сярод простай мэблі кідалася ў вочы толькі вялізная старасвецкая канапа, палічка якой была ўстаўлена касцянымі слонікамі рознай велічыні і пакрыта вышыванымі сурвэткамі. М.Ваданосаў.
2. Атрыманы, здабыты з касцей жывёлы.
У якасці змазкі прымяняюцца мінеральныя маслы, вырабляемыя з нафты, касторавае масла (для змазкі матораў самалётаў), кедравае і касцяное масла. Курс фізікі.
Касцісты.
1. З шырокімі, буйнымі касцямі, якія прыметна выступаюць.
Праз якую гадзіну ён ужо ў прыцемках сядзеў і гаварыў з худым касцістым, можа, сямідзесяцігадовым старым. І.Чыгрынаў.
2. З мноствам дробных касцей (звычайна пра рыбу).
Акуні і плоткі - дробная касцістая рыба, і таму ў культурных вадаёмах іх не разводзяць. П.Рунец.
Косны1. Схільны да ўсяго прывычнага; неўспрымальны да новага, перадавога; адсталы.
Нашай літаратуры не хапае гнеўнага, вострасатырычнага слова, вялікай нянавісці да недахопаў, да ўсяго гнілога і коснага, пошлага і дробязнага. Д.Палітыка.
Косны2. Тое, што і касцявы.
Косныя хваробы. Коснае рэчыва. Косны клей.