Крупозны. Які мае адносіны да крупу - запалення гартані і трахеі, якое суправаджаецца задышкай.
Ход крупознай пнеўманіі іншы раз зацягваецца, тэмпература даволі доўга не зніжаецца, а ў далейшым развіваюцца ўскладненні. Звязда.
Крупчасты1. Рассыпісты, зярністы; падобны на крупы.
Ціхі ранак. Снег крупчасты пад падэшвамі рыпіць. Н.Гілевіч.
Крупчасты2. Разм. Заражаны трыхінелай.
Кій быў з асмаленага ядлоўцу, ім Марцін расшчамляў свінням пашчэнкі, глядзеў, ці не крупчастыя. А.Карпюк.
Крупяны. Які мае адносіны да круп, іх вырабу; прыгатаваны з круп.
Неабходна значнае павелічэнне пасяўных плошчаў пад крупяныя культуры, і ў першую чаргу такой непатрабавальнай да ўмоў культуры, як грэчка. Звязда.