ліставы1 / ліставы2 // лісцвяны / лісцевы / лісцёвы / лісцяны

Ліставы1. Які мае адносіны да ліста дрэў; у лістах.
[Марцін] ачышчаў стол ад свайго тытуню, і крышанага і ліставога. К.Чорны.
|| Які мае лісце; пакрыты лісцем; лісцевы. За засцянковай прысадай адразу пачынаўся сад. З поўначы яго ахоўвала ад вятроў шырокая паласа ліставога лесу - бяроз, асін і грабаў. М.Машара.

Ліставы2. Зроблены з якога-н. матэрыялу ў выглядзе ліста.
Дзверы былі абшыты тоўстым ліставым жалезам, і на іх таксама вісеў замок. А.Шашкоў.

Лісцвяны.
1. Які мае адносіны да лісця; пакрыты, усланы лісцем.
Неўзабаве ні голасу чалавечага, ні шолаху лісцвянага не стала чутно. Л.Дайнека.
2. Які мае лісце, з лістамі; лісцевы (у 2 знач.); проціл. хвойны.
Вакол стаялі высокія хвоі, між іх зелянелі махнатыя елачкі, лісцвяных дрэў не было відаць, не відаць было і кустарніку. Л.Арабей.

Лісцевы.
1. Які мае адносіны да лісця, утвораны лісцем.
У лясной глушы пад густым лісцевым навесам заўсёды пануе паўзмрок і вільгаць. В.Вольскі.
2. Які мае лісце, з лістамі; лісцвяны (у 2 знач.); лісцёвы; проціл. хвойны.
Лісцевае вецце і хвойныя лапы іншы раз спляталіся над дарогай, і сонечнае святло цадзілася праз зялёную страху, як праз сіта. Т.Хадкевіч.

Лісцёвы. Які мае лісце, з лістамі; лісцевы (у 2 знач.); лісцвяны (у 2 знач.); проціл. хвойны.
Там-сям хаваліся ў траве недарэчна кволыя елачкі і сасонкі, чакалі жыватворчага ценю, каб потым адразу вымахнуць пад неба, прыглушыць лісцёвыя дрэвы. А.Асіпенка.

Лісцяны. Разм. Тое, што і лісцвяны (у 2 знач.); лісцевы (у 2 знач.).
Ляжым на лісцяной, раней падсушанай каля агню пасцелі. Я.Брыль. На крокаў трыста ад хаткі быў густы лісцяны лес. З.Бядуля.

Паведаміць пра недакладнасьць