1. Пра яркасць, колер агню; пра характар гарэння, адсвечвання: барвова-фіялетавы, барвовы, бела-сіні, белы, блакітны, бліскучы, вясёлкавы, дыяментны (паэт.), жоўты, залаты, зыркі, зялёны, малінава-белы, рознакаляровыя (мн.), рубінавы, ружова-залаты, светазарны (аўт.), сівабелы, сіні, сонечны, чырванакрылы (аўт.), чырвоны, чысты, яркі, ясны асляпляльны, бледны, бляклы, бясколерны, крывавы, руды, цьмяны; гулкі, густы, дрыгатлівы, дрыготкі, дрыготны, жывы, зіхатлівы, зіхоткі (разм.), зіхотны (разм.), імклівы, купальскі, незгасальны, непагасны (паэт.), нязгаслы (разм.), прамяністы, тонкі, трапяткі, шумлівы вялы, кволы, кудлаты, мітуслівы, млявы, няроўны, порсткі (разм.), пякучы, траскучы, хісткі, языкаты.
А ёлачка гарэла барвова-фіялетавымі агнямі (К.Чорны). Рэзкая рыса бела-сіняга агню з шыпеннем узнікла перад Гунава (Э.Самуйлёнак). Горад... зіхацеў сінімі, белымі, жоўтымі агнямі (З.Бядуля). Над бялюткімі снежнымі сумётамі гарэў, пераліваўся вясёлкавымі агнямі марозны пыл (М.Лынькоў). Гараць дыяментным агнём Маністы. бліскучыя зорак (Я.Колас). І пульсуе радасць у прасторах, залатыя свецяцца агні (П.Трус). Я слухаю начную цішыню: Чуваць, як б’ецца сэрца птушаняці І матылёк да зыркага агню Ляціць кругамі, як на свяце (С.Грахоўскі). Захар убачыў мігатлівыя палосы бляклага, малінава-белага агню (А.Савіцкі). Спявае восень, з радуг свеціцца агонь ружова-залаты (М.Калачынскі). Трэба далей славу, што... вы слаўна баранілі, светазарнымі агнямі вышыць... (Я.Купала). І навісла цяжкая хмара, Каб пад сінім агнём бліскавіц Дружным залпам дажджу ўдарыць, Мёртвы попел з руінаў змыць (П.Панчанка). Перад ночкаю зімовай Сонечныя аганькі (М.Танк). Я з той краіны, дзе ліпень купае Зару ўсю ноч у ставах птушыных І дзе стагоддзі агнёў купалля, Чырванакрылых, не патушылі (К.Цвірка). Мільгаюць ноччу на шляхах Чырвоныя агеньчыкі. Імчацца МАЗы ў белы свет (С.Грахоўскі). І вось грыміць ужо над гаем Агонь і чысты і густы (П.Панчанка). Іскрыстае світанне запальвае нам ясныя агні (Я.Колас). У частаце ляснога частакола Гулкія праносяцца агні (А.Пысін). Густым, крывавым агнём палаў небасхіл (А.Савіцкі). Я сяджу пры агні трапяткім, Чую голас задумных гаёў (П.Прыходзька). Цьмяны, дрыготны агонь асвятліў досыць раскошную хату (М.Зарэцкі). Рукамі расхінуўшы вецце, Устаў стары, прыбавіў крок, Ідзе туды, дзе ясна свеціць Жывы нязгаслы аганёк (С.Грахоўскі). Здалёку быў відаць зіхатлівы аганёк вогнішча (М.Лынькоў). Зіхоткі аганёк весела пабег ад снапа да снапа (А.Якімовіч). Стракатым феерверкам разляталіся па ўсім небе імклівыя агні (М.Лынькоў). Люблю купальскія агні і знічкі свет у вышыні (С.Грахоўскі). Алесь верыў, што прыйдзе час і ў кожнай хаце загарыцца яркі незгасальны агонь электралямпачкі (П.Броўка). А я ўсё гляджу, як трапеча далёка Агонь непагасны (П.Панчанка). І сонца ўстала, Агнём прамяністым палі і лясы прывітала (П.Панчанка). З яловых шышак і бяросты Касцёр на тоненькім агні (В.Вярба). Гарыць-дрыжыць агонь шумлівы, А залатыя пералівы, Вуглёў міганне-дрыгаценне Ім ткуць чароўнае адзенне (Я.Колас). Стары шаркнуў запалкай і падставіў хлопцу кволы агеньчык (Я.Брыль). Лашчыўся ў партызан каля ног агонь кудлаты (Р.Барадулін). Адзін за адным гаслі млявыя, хісткія агні (І.Навуменка). Мітуслівы агеньчык асвятліў на секунду зняможаны твар Слышэні (М.Лынькоў). Языкаты, агонь каміна ліжа дровы (А.Вялюгін). Сухое галлё загаманіла порсткім траскучым аганьком (А.Якімовіч).
2. Пра ўражанне ад агню (гарэння, адсвечвання): асцярожны, бяссонны, вясёлы, жыватворны, звабны (разм.), зямны, малады, мяккі, неразгаданы, прыветны, прыемны, прызыўны, пяшчотны, святы-свяшчэнны (аўт.), спакойны, таемны, ціхі, ярка-святочны (аўт.) блудны, будзённа-шэры (аўт.), бязлітасны, востры, дзікі, злы, мёртвы, мяцежны, ненажэрны (разм.), нямы, пякельны, пякуча-трывожны, пякучы, самотны, смяротны, сонны, спознены, страшны, чорны.
А потым зноў бліснуў асцярожны агеньчык (А.Кудравец). Бяссонны агонь у сяброўскім акне... Шацёр непагаслага неба... На гэтай зямлі палюбіце мяне... (Л.Дайнека). Прайшлі канікул дні — І зноў у вокнах інтэрната Гараць вясёлыя агні (С.Грахоўскі). І сеюць радасць поўнай жменяй Іх [промняў] жыватворныя агні (Я.Колас). Небам плыву ці шашою — Звабныя бачу агні (Г.Пашкоў). У цеснай кабіне утульна, як дома, І свецяць у змроку зямныя агні (С.Грахоўскі). ... Зоры на небе гараць Агнём маладым і мяцежным (А.Куляшоў). Яна (Часлава) зняла і паставіла кацялок на краёчку вогнішча, каб юшка зварвалася на мяккім агеньчыку (А.Савіцкі). Уночы, калі заціхалі вакол птушкі і пераставалі гусці і звінець мошкі і толькі адны зоркі свяціліся ў небе ды часамі месяц сумным вокам азіраў зямлю, — гарэў дзесьці агонь, бледны, неразгаданы і прыемны (Я.Колас). Праз цёплы мрок у вечар вераснёвы, Дзе свецяцца прыветныя агні, Паказваюць свой твар мне заўтрашнія дні (Я.Колас). Я глядзеў, як акно Мне прыемным агеньчыкам свеціць (А.Куляшоў). Наперад клічуць нас прызыўныя агні (М.Хведаровіч). Да яго, агеньчыку на плошчы, і разу не працягнулася рука нават тады, калі на дварэ было холадна, калі са мною ішлі даўнія сябры... Ён святы-свяшчэнны (Ф.Янкоўскі). Пабачыў страшнае мой зрок — таемны нейкі аганёк (П.Броўка). І, здаецца, хлопчык хоча Сказаць: “Ты бацька мой. Прашу — вярні, вярні Мой першы дзень, мой першы крок нясмелы, Зары вясновай ціхія агні” (П.Панчанка). Раса... паападала... Сонца павярнулася так, што промні ўжо не выкрасалі з празрыстых пацерак ярка-святочнага агню (Я.Сіпакоў). Здаецца, у першую страшную хвіліну хмызы спаліла, высушыла таемным, бязлітасным і злым агнём (М.Стральцоў). Аганёк на полі блудны вандраваў (Л.Геніюш). У тумане гасіць горад Будзённа-шэрыя агні (В.Вярба). Загарэўся раптам угары валасок у лямпачцы вострым чырвоным агнём (І.Пташнікаў). І толькі той адчуе ў сэрцы слодыч Ад гэтых слоў, ад гэтай цішыні, Хто столькі год, як ён, ішоў паходам Праз дзікія смяротныя агні (П.Панчанка). Будоўля. Магутныя краны. Электразваркі мёртвы агонь (У.Караткевіч). Стэп станавіўся... чорным, як нафта, быццам па ім прабег ненажэрны агонь (В.Лукша). Зары — нямы агонь. Асіны — холад сіні (Р.Барадулін). Я толькі заездам сюды, падарожнік, Каб горы твае асвятліць на хвіліну Агнём маёй зоркі пякуча-трывожным, А потым вярнуцца да роднай краіны (П.Панчанка). Надзей не трачу я: хоць валіць дым, — Замрэ агонь пякучы (Я.Колас). І яго [поле], нібы вялізныя нажы, разразаюць барвовыя языкі пякельнага агню (Р.Сабаленка). Маці возьме паправіць самотны агонь, Зложыць рукі ізноў на каленях (П.Глебка). Вёска спала. Толькі дзе-нідзе гарэлі сонныя агні (А.Пальчэўскі). І толькі дзе-нідзе свяціўся ў хаце спознены агеньчык (Я.Брыль). Страшны агонь і дым доўга клубіўся ў небе (Н.Гілевіч). Знявечаны сталлю, закураны дымам, Апалены чорным смяротным агнём, Для нас ты [Менск] застаўся красою Радзімы (П.Панчанка).
II. Унутраны стан, перажыванні чалавека, пачуццё, хваляванне і інш.: ачышчальны, вітальны, высокі, гарэзны, дзівосны, дзіўны, залаты (аўт.), малады, невыказна прыгожы, недагарэлы, незвычайны, незгасальны (паэт.), неўміручы (паэт.), нязгаслы (разм.), няўтольны, палкі, прыязны, салодкі, свавольны, светлы, святы, свяшчэнны, творчы (аўт.), усеабдымны, чысты, ясны балесны (разм.), дзікі, жорсткі, злавесны, калючы, крывавы, неспакойны, нядобры, нясцерпна рэзкі, нясцерпны, пакутны, пануры, пякельны, смяротны, страшэнны, тупы, упарты, халодны, хцівы, чорны.
Адчайна сябе спапяляеш, актрыса, На ачышчальным агні (Н.Загорская). Дубы завуць мяне на імяніны, І я нясу вітальны свой агонь (А.Пысін). Падабрэць, памякчэць... Каб душу гартаваць на высокім агні (С.Грахоўскі). У яе вачах, што здаваліся цёмнымі ад густых веек, успыхнулі знаёмыя, гарэзныя агеньчыкі (І.Мележ). Усё было нібы, ахоплена агнём, дзівосным, невыказна прыгожым, усеабдымным (І.Мележ). У мазолях рука — верны знак мужыка, Свецяць дзіўным агнём яго вочы (К.Буйло). Не шкадуйце ж вы дроў, Мае сёстры, браты, Распаліце у душах Наш агонь залаты! (Я.Журба). Хай шугае агонь малады, Хай, дзе тонка, не рвецца. А гады — не бяды! — Калі сэрца трывогаю б’ецца (У.Паўлаў). І сон адразу ўліўся хмельнай брагай Ў натруджаныя рукі, находжаныя ногі, У песні недапетыя, недагарэлыя агні (М.Танк). Незвычайны агонь у задумных вачах (Я.Купала). Зноў пойдуць устрывожаныя маці На магілы дзяцей — партызанаў і воінаў, Каб іх прыкрыць сваімі далонямі, Сагрэць незгасальным агнём сваіх сэрцаў (М.Танк). А ў сэрцы агонь неўміручы, сэрца ад болю шчыміць... (Е.Лось). Вочы яго [дзеда Талаша] гарэлі неспакойным злавесным агнём і зачароўвалі Мартына, адбіралі яго волю (Я.Колас). Ёсць людзі з мудрай галавой, З нязгаслым сэрца аганьком, З магутнай сілай і красою (П.Броўка). І не хавай, як хітрая цыганка, Няўтольнага агню ў сваіх вачах (Г.Бураўкін). Эх, сябры-браты! Агню палкага Іскры маеце. Не тушыце ж вы Той агонь святы, Асвятляйце ім родны край (Я.Колас). Яе [Антаніны Міхайлаўны] вочы засвяціліся прыязным агеньчыкам (Я.Колас). Голас яго... пранізваў салодкім агнём усю яго істоту (З.Бядуля). Кавалёва бачыла, як... загараліся свавольным агнём вочы хлопцаў (І.Дуброўскі). З дзён малых, Відаць, да смерці, Светлым аганьком Мне запала песня ў сэрца (П.Броўка). Святым агнём душа палала, І злучнасць згоду адчувала Таемных чараў сугалосся (Я.Колас). Свяшчэнны агонь у душы натхняў Эмілію на барацьбу з усімі перашкодамі (Я.Маўр). Яе, крылатую, цаню, Яна вялікай славы варта, Крыніца творчага агню — Загартаваная упартасць (М.Хведаровіч). Вочы заблішчалі ясным чыстым агнём (М.Зарэцкі). Выйдзем у поле мы ў нашых прасторах, Глянем навокал і цяжка ўздыхнём: Раны... не лечацца скора — Спалена сэрца балесным агнём (Я.Колас). Вочы яго гарэлі дзікім агнём (Я.Колас). У вачах Марціна бліснулі жорсткія агеньчыкі (І.Мележ). Увесь цяперашні спрыт гэтага чалавека, яго рухавасць, яго жвавая гутарка, калючы агонь яго слоў, — усё гэта здавалася наіграным... (М.Лынькоў). Рваўся з сэрца крывавы дакору агонь (П.Броўка). Вішнёвыя вочы [Ганны] гарэлі ўпартым, нядобрым агнём (І.Мележ). Марыля заплюшчыла вочы ад нясцерпна рэзкага агню ў душы (А.Савіцкі). Скочваліся рэдкія слязінкі, ён змахваў іх рукой, а чорныя вочы гарэлі такім бляскам, што здавалася, гэтыя слязінкі ўскіпаюць ад нясцерпнага агню нянавісці (М.Лынькоў). Ты ж, каханне маё, Стань пакутным агнём, Стань вялікім акіянам без дна (П.Панчанка). У душы, гарыць агонь нуды — пануры, чорны (М.Багдановіч). У кожным сэрцы, Гняздзіцца птушка — зязюля, чайка, Жаўрук ці пліска, — А ў маім — фенікс, І я штодзённа З агнём смяротным мяжую блізка (М.Танк). Міхал Тварыцкі некалькі момантаў маўчаў, не зводзячы вачэй з Скуратовіча. Гэтыя моманты былі момантамі вельмі яснай работы думкі, і думка бесперапынна падагравалася страшэнным агнём з самай глыбіні чалавечай істоты (К.Чорны). Я закусіла на вуснах жаху немы гук, калі тупы агонь пацёк па жылах (М.Арочка). Ганна зірнула яму ў вочы і ўбачыла ў іх хцівы агонь (М.Машара). Вочы дзяўчыны бліснулі халодным агнём (І.Мележ).
III. Цвіценне. Пра тое, што мае колер агню, полымя: барвовы, белы, блакітны, брыльянтавы, гарача-аранжавы (аўт.), жоўты, зялёны, мяккі, пахучы, пяшчотны, сіні, чырвоны асенні, халодна-сіні, халодны.
І журавіны агнём барвовым Сярод праталінаў палымнеюць (М.Танк). Вясной птушыны звонкі лёт І белы па садах агонь, І, як дзявочы карагод, Чаромхі кругам ля акон (П.Броўка). Ён [лубін] цвіце агнём блакітным, Незвычайным, ад яго Цеплыня ў кустах ракітных (М.Танк). Увесь луг успыхнуў раптам такімі ж самымі брыльянтавымі агеньчыкамі — ад халодна-сіняга да гарача-аранжавага (Я.Сіпакоў). Сасна ярчэй запалала агнём зялёным (П.Панчанка). А ён [куст бэзу] расцвіў, агнём гарыць, Такім пахучым, мяккім, сінім (М.Танк). Прабіваюцца з зямлі першыя, яшчэ кволыя травінкі, пяшчотнымі агеньчыкамі загараюцца зорачкі першых кветак: на ўзлеску — сіняватыя пралескі, на балоце — лотаць (В.Жуковіч). Дагарае лісце, дагарае ў халодным асеннім агні (В.Жуковіч).
IV. Стральба, абстрэл: бурны, гвалтоўны, густы, жахлівы, жорсткі, жудасны, злавесны, знішчальны, кінжальны, крывавы, помслівы, пракляты, пякельны, сакрушальны, смертаносны, смяротны, ураганны, шалёны, шквальны.
Паказаліся машыны ворагаў, і партызаны сустрэлі іх густым агнём (І.Шамякін). Гвалтоўны агонь мінамётаў... накрыў лес (Я.Брыль). Жахлівы агонь мінамётаў прымусіў партызан залегчы (А.Карпюк). Камандзір насіўся ўздоўж лініі фронту пад жорсткім агнём (Я.Брыль). Пад страшным знішчальным агнём на захад ішлі батальёны (К.Кірэенка). Новікаў з адчаем падумаў, што страты пад кінжальным агнём праціўніка будуць страшэннымі (М.Ткачоў). Толькі ў адным месцы запынілася група салдат з двума афіцэрамі, паставілі кулямёты і адкрылі бурны агонь (Я.Колас). Ведай: роднае слова грымела У крывавым агні барыкад (Н.Гілевіч). Падалі зялёнымі мяшкамі Ворагі пад помслівы агонь (А.Русецкі). Пракляты агонь вайны яе [Хатынь] забраў у звонкіх песень вясны (В.Жуковіч). Немцы адкрылі з усіх відаў зброі пякельны, сакрушальны агонь (А.Карпюк). Раззлаваныя эсэсаўцы адказалі ўраганным агнём (І.Шамякін). Шквальны агонь нямецкіх кулямётаў паклаў аўтаматчыкаў на голым, умерзлым ад ранішняга марозу палетку (В.Быкаў).