Прыдняпроўе ўражвае абрывістымі берагамі рэк, раздоллем лугоў і ніў (В.Ждановіч). [Алесь] захапляўся высокім абрывістым берагам (П.Броўка). Ёсць у мяне глыбінная туга Па далавых і ціхіх берагах (Я.Янішчыц). Крохкі бераг, на якім расла яна [алешына], не стрымаў цяжару, падаўся (Р.Мурашка). Падхапілі, узялі гусляра-старыка, Гуслі разам яго самагуды. Па-над бераг круты, дзе шумела рака, Павялі, паняслі на загубу (Я.Купала). Уся ў нізкіх берагах... Прыпяць выцякае з пінскіх трысняговых балот (В.Ждановіч). Берагам пакатым ходзіць Ева — Заатэхнік нашага сяла (Я.Янішчыц). На пахілены бераг прысядзь, Што падмыла вадою быстра (Я.Янішчыц). [Аляксей] не помніў, колькі часу ляжаў тут, на сухім пясчаным беразе (І.Шамякін). З роўных, як панацягватыя струны, берагоў глядзяцца ў чыстае вадзяное люстэрка ракіты (Р.Мурашка). Берагі Прыпяці нізкія, спадзістыя (Б.Сачанка). На стромкі бераг узышоў Купала, І песня за вянкамі паплыла (С.Грахоўскі). Левы бераг Прыпяці стромы (Б.Сачанка). Гэй, сябры, гэй, ручаёчкі! Дружна разам пабягом. Гайда, гайда ў свет, браточкі, К тым шырокім берагом! (Я.Колас). На берагах рэчкі — багністых і зыбкіх — слалі адно ля другога бярвенні, на вадзе збівалі мост (І.Мележ). Берагі рэчкі травяністыя, балоцістыя, улетку яны так зарастаюць травой, што і зблізку не відаць вады (І.Шамякін). Я з літвінкай стрэўся маладой, з рыбачкай, што мяне зачаравала Вачэй блакітам, голасам сваім. Хаця б яе няшчасце не спаткала На гэтым бурным беразе марскім (М.Танк). Свячэнне крыл, і лугу, і вады, Сляды на беразе вільготным (А.Пысін). Ад ветру ён [жолуд] увосень трапятаў Паміж лістоў пакручаных і шэрых, Хапаўся за галінкі і ... упаў На заінелы, вытаптаны бераг (С.Грахоўскі). З-за павароту выступілі жоўтыя пясчаныя гурбы перад Прыпяццю і наводдаль круты гарбаты мазырскі бераг... (І.Мележ). Павольна бераг мёрзлы асядае (А.Пысін). Над абрывам, на высокім, пагорбленым беразе — сосны (Я.Брыль). Маёй душы тут не зняверыць Ні бору шум, ні рэчак звон І ні ў рамонках белы бераг (А.Бачыла). Быў свет адпушчаны, як мера, Незразумелая табой, Як залаты ў палёце бераг На стылы восеньскі прыбой (В.Вярба). Спадзе вада, пакажуцца зялёныя берагі на старарэчышчы (М.Ваданосаў). Узняўся цёмны бераг, Як уцёс над плынямі пратокі (А.Звонак). Я піў рачную плынь кіпучую, Шум хваляў дальніх берагоў (М.Танк). Падыходзіць падарожны. І на бераг на мурожны Прагна воду дастае (Я.Колас). На Украіне берагі Дняпра нагія (У.Караткевіч). Вось і бераг, пакаты, пустэльны (М.Ваданосаў). Можа, недзе жыў твой бацька, Саша, і няпраўда, што забіты паў ля пустынных берагоў Сіваша... (М.Танк). І сэрца, можа быць, спачыне ля блізкіх родных берагоў (А.Бачыла).
2. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце (берага): доўгачаканы, духмяны, жаданы, задумлівы, запаветны, звонкі, зыходны, казачны, малады, маляўнічы, надзейны, родны, светлы, сонечны, спакойны, сцішаны, цёплы, ціхі, шаўкавісты, ясны глухі, дзікі, журботны, засмяглы (аўт.), змрочны, маўклівы, нямы, салёны, сонны, тлумны, чужаземны, чужы, шумлівы.
За прамяністымі маякамі маленства схаваўся ў сініх незабудках духмяны стромісты бераг (К.Кірэенка). Усё далей ад хлопцаў цвёрды, надзейны і такі жаданы бераг (Я.Курто). Я навек удзячны ёй [дзяўчыне] за летуценныя вандроўныя дні, за казачны бераг, за пачуццё трывожнай недаступнасці шчасця (К.Кірэенка). А мы на бераг малады плылі, Ад радасці святлелі і смялелі (А.Пысін). Даруй жа мне, Свіслач, даруйце, маляўнічыя берагі вадасховішча ля Вяззя, даруйце, што не магу тут спыніцца (К.Кірэенка). Сэрцам я заўжды на родным беразе — З яго лугамі, нівамі, лясамі (Н.Гілевіч). Бераг Свіслачы заходні, Жэня, — бераг твой зыходны, бераг светлы, цёплы, родны, бераг стрэч, надзей, любві (В.Жуковіч). Так я чакаю і веру, Моўчкі жыву між людзей. Б’ецца аб сонечны бераг Ветразь маіх надзей (В.Вярба). Голас яго [Багдана] шырока разлягаўся над вадой і сцішанымі берагамі (А.Савіцкі). І цёмна-зялёныя хвалі... узмывалі, каціліся ў моры, адна за адной набягалі на дзікі, абрывісты бераг (М.Багдановіч). На беразе засмяглым бестурботна Аб нечым ціха шэпчуць кавылі (Р.Барадулін). А вецер, мой друг, што з’явіўся з радзімы, З лагодай і ласкай ляціць па-над морам І радасны ўздых мой нясе, як вітанне, Да змрочных глухіх берагоў Скандынавіі (К.Кірэенка). Над вадою граюць пераправы, уздрыгваюць нямыя берагі (А.Пысін). І зноў ступлю на бераг той салёны, Твае сляды на дзюнах даганю (А.Пысін). Узмах вясны — І сонны бераг Адразу пачынае жыць (П.Глебка). Глядзіць у затуманеныя воды З амерыканскіх тлумных берагоў Адбітак пальцаў статуя Свабоды, Аглухлая ад звону ланцугоў (П.Макаль). А больш за ўсё я узненавідзеў Стальныя звенні якароў, Што прыкавалі нас на тыдзень Да чужаземных берагоў (М.Танк). Берагі, чужы і родны, ты злучыла ў лёс гаротны (В.Жуковіч). А чаму не паслаць было чаіц Да шумлівых тваіх берагоў (М.Стральцоў).