БОЛЬ. 1. Пра сілу, інтэнсіўнасць, працягласць (болю): адвечны, бязмежны, бязмерны, вечны, даўні, дзікі (разм.), жорсткі, зацяжны, лёгкі, люты, моцны, неадступны, невымерны, невымоўны (разм.), невыносны, невыцерпны (разм.), незгасальны, неймаверны, непераносны, нестрыманы, несціханы, неўтаймаваны, нечалавечы, нясцерпны, пакутлівы, пякельны, стогалосы (аўт.), страшны, тысячагодні, шалёны.

Усё... адгукалася ў сэрцы даўнім-даўнім, мо нават нейкім адвечным болем, што жыве ў нас ад самага нараджэння (Я.Радкевіч). Арлоў з выразам бязмежнага болю на твары, паглядзеў праз акно (А.Карпюк). Даруй, Хірасіма, за боль твой бязмерны (А.Вярцінскі). Ты знаеш добра — з вечным болем Я нёс і славу... (К.Кірэенка). Яна [Анюта] ускрыкнула: у плечавых суставах паласнула дзікім болем (П.Місько). Зацяты боль, як дождж абложны, Неўтаймаваны, зацяжны (А.Лойка). Люты боль працяў усё цела, і ён [Слышэня] страціў адчуванне рэальнага (М.Лынькоў). І гэты неадступны боль... не даваў яму [Васіліку] спакою, не пакідаў нідзе, нават тут, у глухім лесе (А.Жук). Сэрца заходзіцца ад невымернага болю... (М.Танк). Невымоўны боль працінае плечы, тулава (“Беларусь”). Праводзіны выклікаюць смутак... і часам кладуцца невыносным болем на ўсё жыццё (Я.Васілёнак). Глядзіць ён на агонь той несвядома Да болю невыцерпнага ў вачах (А.Лойка). Пралілася песня цераз край, Чуў яе наш беларускі гай, І уторыць ціха песні той, Болем нестрыманым налітой (К.Буйло). Змардаваны на допыце... і пакутуючы ад несціханага болю, Шурка туліўся да вільготнай і халоднай сцяны (У.Мехаў). Спявайце, юныя паэты, Спяліце ў бурах пачуцця Неўтаймаваны боль планеты... (Н.Гілевіч). І ў сэрцы, не закутым у браню, Я адчуваю боль нечалавечы (А.Пысін). А тут яшчэ камень. Пазногці непрыемна скрабанулі па ім і, відаць, задраліся. Нясцерпны боль... (Б.Сачанка). Зайшлося сэрца несціханым болем, І раны разбалеліся ізноў, Што мацяркі ніколі ўжо, ніколі Сваіх не дачакаюцца сыноў (С.Грахоўскі). Зняможанасць, пакутлівы боль у галаве і ва ўсім целе затрымалі яе [Зіну] у дарозе (А.Кулакоўскі). Грудзі яго [Пшанічнага] маланкай пранізаў пякельны боль (В.Быкаў). На гэтай паляне стаяла калісьці вёска Хатынь... Стогалосы боль... ніяк не могуць супакоіць ні воля, ні сонца, ні час (Я.Брыль). Смыліць душа тысячагоднім болем, Не зарастае продкаў шлях быллём... (Л.Забалоцкая).

2. Пра характар (болю): востры, гарачы, дакучлівы, затоены, зацяты, злавесны, калючы, колкі, круты, крывавы, надаедлівы, надрыўны, негаючы, незразумелы, нявыказаны, нявыпакутаваны, пакутны, прыгаслы, пусты, пякучы, развярэджаны, скрыпучы, стары, сухі, ташнатворны, тупы, халодны, цвярозы, цягучы, шчымлівы, шырокі.

І гэта яго [сонца] ціхая ласка вострым болем тугі працяла людскія сэрцы (В.Быкаў). З вінтоўкаю кінуўся Палазок на афіцэра, але ў гэты момант адчуў гарачы боль у левым плячы (Я.Колас). Затоеным болем трывожаць асколкі І шрамы ваеннай пары (А.Пысін). Роўны рып палазоў, словы песні закалыхвалі, супакойвалі, праганялі калючы боль у плячы, у руцэ (М.Лынькоў). Захар узняўся... Рыпенне старых завесаў супала з колкім болем у сэрцы (А.Савіцкі). Так жа раптоўна болем крутым Прарасло падраненае ў лёце даверу крыло (Н.Загорская). А хлопец гаварыў, і голас яго зрываўся на дзіцячы ўскрык, у якім чулася нечалавечая крыўда, крывавы боль растаптаных мар, спадзяванняў (М.Лынькоў). Рука ў лубках гудзе надаедлівым болем (Я.Брыль). Сціскаецца болем надрыўным душа (П.Глебка). Граў Сымон ужо нямала, А чаго ж яго рука Так прыўдала задрыжала Пад узлётамі смыка? О, каб мог агнём пякучым Ён ім душы апаліць, Болем вострым, негаючым Думкі іх усе авіць (Я.Колас). Адам гладзіў жонку па валасах з нейкім новым пачуццём замілаванасці, у якім ужо таксама было зараз многа незразумелага, нявыказанага і нявыпакутаванага болю (Я.Сіпакоў). ... У Алесінай душы, вялікім задушлівым клубком пераварочваўся развярэджаны даўні боль (В.Адамчык). За час свайго замужжа Ганна прывыкла таіцца, хаваць у душы і пакутны боль, і тугу, і надзеі (І.Мележ). У душы абудзіўся стары... зусім прыгаслы, затоены боль (А.Савіцкі). Перамагаючы пякучы боль у назе, камісар поўз, прыціскаючыся да бакавой перакладзіны маста (М.Лынькоў). Ды што з тых, хай нават мужчынскіх слёз! Адзін толькі боль, сухі, пякучы, цвярозы... (А.Вярцінскі). Абозы бежанцаў сонца схавала З дарожным скрыпучым болем (М.Танк). Ён [Макс] раптам адчуў тупы, ташнатворны боль у жываце (М.Гамолка). Ад нейкага халоднага тупога болю сэрца Сяргеева сціскалася кожны дзень (В.Адамчык). ... У згаладалых людзей пачыналі балець нейкім цягучым пустым болем жываты (В.Адамчык). Ціхім, шырокім болем поўнілася сэрца маці (“Маладосць”). У спапялелую ад гора душу байца дыхнула замілаванай шчаслівай мінуўшчынай яго дзяцінства, шчымлівым болем па ўсім тым, што перажыта... (В.Быкаў). Ты — маё шчасце і пакута, Радасць і шчымлівы даўні боль, Горкі водар недаспелай руты, Майскі мёд і на парэзах соль (С.Грахоўскі).

3. Пра пачуцці, хваляванні, выкліканыя болем: баладны (аўт.), гаючы, крылаты (аўт.), мужна стрыманы (аўт.), нечакана салодкі, пакутна-радасны (аўт.), прыемны, салодкі, светлы, свяшчэнны (аўт.), спелы (аўт.), цёплы, ціхі, шчаслівы (аўт.)  адчайны, безвыходны, глухі, глыбокі, гнеўны, горкі (нар.-паэт.), жахлівы, з’едлівы, злы, маўклівы, незагойны, неспажыты (разм.), нудны, нязбытны, няўцешны, пануры, прыкры, таемны, тужлівы, цяжкі.

І лес, і поле, і рака — Яны сааўтары паэта Ў стварэнні слова і радка. І, пэўна, ужо ад іх пачуў бы, Хто светла ўзвеяў земляку Баладны боль і смутак чуйны, Што ў тым жа слове і радку (А.Пысін). Бывае боль гаючы, Як траў карані (У.Някляеў). О, стань крылатым — боль зямных нядоль (А.Марціновіч). Мужна стрыманы боль, некрыклівую сілу, глыбокую думку апошніх вершаў Уладзіслава Бранеўскага мне добра адчуваць, успамінаючы сустрэчы з гэтым чалавекам (Я.Брыль). Ён [Глечык] заўсміхаўся і тужліва, з незразумелым, нечакана салодкім болем у душы доўга глядзеў у неба (В.Быкаў). У тое лета Хадоська як бы нанова пачула спеў жаваранка: цёплым, салодкім болем адгукалася ў ёй даўняя, такая звычайная калісьці песня (І.Мележ). Жыві, бяроза! ... Светлым болем, шчымлівай радасцю звіні... На гэтым свеце нас з табою Адны трымаюць карані (С.Законнікаў). Свяшчэнны боль па тых, каго не будзе болей з намі, не сціхне доўга... (ЛіМ). А спярша — Патрэбен плач, каб болем спелым Магла напоўніцца душа (Н.Гілевіч). Ранейшым пакутна-радасным болем заходзіцца сэрца (В.Быкаў). І радасцю і ціхім болем сэрца сынава шчыміць (В.Жуковіч). З гэтым шчаслівым болем за ўсіх і за ўсё горка і радасна адчуваць сябе літаратарам (Я.Брыль). Хрысця адазвалася не адразу, цярпліва, з адчайным болем памарудзіла (В.Адамчык). Чаму наогул у жыцці агіднае так часта змешана з высокім, часта ганебна — да безвыходнага болю? (Я.Брыль). Грудзі сціснуў глухі боль (І.Мележ). Глыбокі боль працяў грудзі, перахапіла дыханне (І.Пташнікаў). Не павярнуў ніхто і не паверне мой гнеўны боль — навечна ён жывы (К.Кірэенка). З горкім болем успамінала яна [Наталя] пражытае, даўняе (Я.Скрыган). [Захар] спасціг астуджаным розумам і новы боль, яшчэ больш жахлівы, чым той, які яму даводзілася перажываць (А.Савіцкі). Боль толькі, з’едлівы, прыкры, у спіне ўзмацніўся (Б.Мікуліч). Напаўнялася цяжкім злым болем галава (П.Місько). У цяжкім, маўклівым болю Вочы ў слёзах у малой (П.Броўка). Яна [памяць сэрца] вяртаецца часта незагойным болем... (М.Арочка). Думкі пра інстытут... прыносілі не радасць, а нудны боль у душы (А.Чарнышэвіч). Легла на сэрца гора нядольнае, Легла і мучыць, гняце, Ў думках замёрла жальба нявольная, Боль неспажыты цвіце (Я.Купала). Маці і брат, дзве найбліжэйшыя ў яго жыцці істоты, дзве прычыны яго пякучай тугі і няўцешнага болю няведання, сталі перад вачыма такімі, якімі Алесь іх бачыў апошні раз (Я.Брыль). Данута выразна паўстала перад вачамі, выклікала тужлівы боль (А.Карпюк).

* Смерць-боль.

[Глечыку] думалася, што вось-вось ад тых варожых машын загрукаціць чарга і смерць-боль праніжа яго цела (В.Быкаў).

Паведаміць пра недакладнасьць