ВОБЛАКА (аблачына, аблокі). 1. Пра колер воблака; пра яго аддаленасць ад зямлі, становішча ў прасторы: агністае, агніста-залатое, барвовае, барвянае, барвяна-ружовае, бела-барвова-шэрае, белае, белае-белае, белагрудае, белапеннае, беласнежнае, бэзавае, бялёсае, бялюткае, бялявае, дымнае, дымчатае, жоўтае, залацістае, залатое, зеленаватае, зялёнае, ліловае, малінавае, малочна-белае, пунсовае, пурпуравае, ружаватае, ружовае, румянае, светлае, серабрыстае, сівае, сівенькае, сіняе, сярэбранае, чыстае, янтарнае, яснае  бруднае, бурае, мурзатае, мутнаватае, мутнае, попельнае, пярэстае, рудое, рыжае, свінцовае, стракатае, чорнае, шэра-цёмнае, шызае; высокае, далёкае, лёгкакрылыя (мн.), недасяжнае, нізкае, хуткае, шпаркае, шустрае.

Сонца, чырвонае... павольна апускалася за стрэхі горада ў агністых аблоках (І.Дуброўскі). Сонца яшчэ не паказвалася, што ўгадвалася на паўночным усходзе па агніста-залатых дробных, як луска, воблаках (П.Місько). Мне здаецца, што гэта барвовае воблака Нада мною вісіць з палавецкіх часоў (П.Панчанка). Насустрач сонцу па блакітным полі плылі барвяныя аблокі (М.Аўрамчык). Учора быў дождж, было сонца... тады цудоўнае неба на захадзе, з нізкімі бела-барвова-шэрымі воблакамі над морам (Я.Брыль). У блакіце аблачынку белую люблю, — нібы лёгкую пушынку, позіркам лаўлю (В.Жуковіч). Неба ўскрыкне!.. І на воблака белае-белае Кроў птушыная пырсне Брусніцамі спелымі (У.Някляеў). Белагрудыя воблакі, белагрудыя воблакі За акном самалёта ўцякаюць назад (С.Гаўрусёў). Барыс Рыгоравіч ляжаў на спіне і сачыў, як спакойна плыве белапеннае кучаравае воблачка (І.Новікаў). Зусім па-летняму клубіліся рэдкія беласнежныя воблакі (М.Лынькоў). Высока ў небе воблака плыве, Плыве бялюткае, адно ў блакіце (Н.Гілевіч). Неба, усцяж засланае бялёсымі воблакамі, пазірала непрыветна і хладна (Я.Колас). У воблакаў бялявых і ружовых Ёсць контуры зямных мацерыкоў (А.Пысін). Каторы ўжо дзень раніцай і вечарам бурыя, днём жоўтыя, цяжкія воблакі віселі на гарызонце (І.Пташнікаў). З белых дымных воблакаў ішоў глухі несціханы гул (А.Савіцкі). Сонца ўжо амаль схавалася за лес, і толькі залацістыя і бэзавыя аблокі адбівалі яго святло (М.Корбан). Сярод чорных і шэрых скал струменіліся шматкі зеленаватых аблокаў (У.Шыцік). Вільготнае, ліловае знізу, воблака плыло, як ветразь (У.Карпаў). Я заглядзеўся на сутонні ў неба — Малінавыя воблакі плылі (С.Грахоўскі). Ды над сцежкамі нашымі З-за аблокаў пунсовых Рэактыўнымі нартамі Пранясецца паштовы (Л.Дайнека). І след пурпуровых аблок Дрыжыць на ўстрывожанай плыні... (А.Звонак). На небе... лёгкае ружаватае воблачка (Я.Скрыган). На небакраі ўзыдзе раптам... светлае невялічкае воблачка (Я.Сіпакоў). З вышыні самалёта, праз ілюмінатар ззялі серабрыстыя воблакі — нерухомыя вялізныя караблі на бяскрайнім моры (“Беларусь”). Сівенькае воблачка ўзвілося на грудку (А.Савіцкі). Маё поле, мае гоні — Воблакі сівыя, Маё стадка, мае коні — Хмары вараныя (Я.Купала). Адплываюць караблі далёка Ціхім шляхам вулачак крывых З маставых пад сінія аблокі, ў акіян зялёнае травы (В.Вярба). Мы (таксама выпадкова) убачылі чорнага бусла, які, нібы манах, глыбакадумна стаяў у сваім гняздзе і дужа добра быў відзён на фоне нізкіх мурзатых воблакаў (Я.Брыль). Плывуць удаль пярэстыя аблокі (Ю.Свірка). Сіні дым звіўся з рудым воблачкам (А.Савіцкі). І дзяцінства чарадой гадоў Праляцела воблакам стракатым Маладых пярэстых галубоў (М.Аўрамчык). Грувасціліся дзіўныя, як усё роўна састаўленыя ў два аграмадныя стагі, кудлатыя шызыя воблакі (А.Савіцкі). У разрыве шэра-цёмных воблакаў мільгацеў серабрысты кружок месяца (І.Навуменка). Бягуць шпаркія воблакі, бягуць здалёк ці зблізку... высокія і нізкія, рэдкія і суцэльныя (І.Грамовіч). Лёгкакрылыя воблачкі, як невядомыя белыя птахі, патроху зляталіся ў чароды (“Маладосць”). У вышыні блішчалі прагалы блакіту з беражкамі далёкіх белых аблокаў (В.Быкаў). Алесь... задумна глядзеў на ляную плынь недасяжных аблокаў (Я.Брыль).

2. Пра форму, памер, абрысы воблака, пра яго шчыльнасць, гушчыню: вялізнае, вялікае, галубінае, грудастае (разм.), грывастае (разм.), густое, дробныя (мн.), зубчатае, крамяное, круглае, купчастыя (мн.), кучаравае, маленькае, невялічкае, празрыстае, пуховае, пушыстае, пышнае, рэдкія (мн.), суцэльныя (мн.)  злямчанае, калматае, кудлатае, мутнаватае, нішчымнае.

Справа за дарогай у небе грувасціліся вялізныя грывастыя белыя воблакі (А.Савіцкі). Добра... заглядзецца на... кучаравыя верхавіны соснаў на фоне цёплага блакіту і галубіных воблакаў (У.Караткевіч). Крамяныя грудастыя аблокі Над пожняю, над лесам коціць дзень (М.Стральцоў). А ваўкі халодныя насы Узнялі на воблака густое І спрабуюць ціха галасы (П.Панчанка). Далей, на самым небасхіле, стаялі нізкія зубчатыя аблачынкі (Т.Хадкевіч). Нізка над лесам у тым баку, дзе стаяла сонца, збіліся ў кучы белыя круглыя воблакі (І.Пташнікаў). Быў адзін з тых восеньскіх дзён, калі па небе паволі і нізка плылі купчастыя воблакі (Я.Скрыган). У вышыні раскідвалася ясная сінява, маленькія кучаравыя аблачынкі таялі ў яе неабдымнасці (Т.Хадкевіч). Высока ў жнівеньскім небе зіхацела празрыстае воблака, падобнае на бліскучы камяк пены (І.Мележ). [Аляксей] ляжаў на спіне, і ў шырока расплюшчаных вачах яго адбівалася красавіцкае неба з рэдкімі пушыстымі аблачынкамі (Т.Хадкевіч). ...Неба блакітнае, і толькі дзе-нідзе відаць невялічкія пуховыя воблачкі... (І.Гурскі). Як засінелася возера чыстае, Бо маладая красуня вясна, Каб падсініць аблачынкі пушыстыя, Сінькі ў ваду сыпанула спаўна (Р.Барадулін). Раптам самалёт доўга падаў уніз праз злямчаныя, шэрыя воблакі... (Я.Сіпакоў). Праз кудлатыя і белыя, як воўна, воблакі спрабавала прабіцца сонца (А.Кудравец). У даляглядзе пад яркім сонцам горы... лезуць адна на адну, выступаюць у небе мутнаватымі воблакамі... (З.Бядуля). Удзень па небе плылі груды разарваных воблакаў, халодных, нішчымных (Я.Колас).

3. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце (воблака): дзіўнае, лёгенькае, лёгкае, лёгкакрылатае, маладое, пышнае, пяшчотнае, цёплае, ціхае, цудоўнае, чароўнае, шаўковае  адзінокае, грознае, маркотнае, млявае, панурае, суровае, халаднаватае, халоднае, хмурае, хмурлівае, цяжкаватае, цяжкае.

Дзіўнае воблака ў небе жыве (Я.Янішчыц). Высока-высока над дзедам паружавела лёгенькае воблака (Я.Брыль). Маладыя аблокі над Ушаччынай ціха плывуць (Р.Барадулін). Воблачкі пышныя, лёгкакрылатыя з полудня вольна плывуць (ЛіМ). Алесь ляжаў цяпер у лагернай нестаптанай траве, задумна глядзеў у высачэзную просінь на ляную плынь... пяшчотных аблокаў (Я.Брыль). Прыхільны лёс да розных дзівакоў, Ён адарае нас не толькі снамі... І пралятаюць чайкі па-над намі Кавалачкамі цёплых аблакоў (П.Панчанка). Жоўты лубін цвіце паміж цёмна-зялёнымі пералескамі, а зверху, скажам, яшчэ і блакіт, і белыя, ціхія аблачынкі (Я.Брыль). Хацелася паваліцца ў траву і глядзець у неба, дзе гусцеюць чароўныя аблокі (І.Шамякін). Як лёгка ты ідзеш па вуліцы. У плацці, Пашытым з шаўковага воблака (П.Макаль). Радасцю напаўнялі сэрца і суседняя ялінка... і адзінокае пушыстае воблака з бледна-ружовымі краямі (Т.Хадкевіч). Над зямлёй віселі грозныя, суровыя воблакі (М.Зарэцкі). Неба было зацягнута шэрымі панурымі воблакамі (Я.Скрыган). Спачатку высока-высока ў небе з’яўляюцца шэрыя халаднаватыя воблакі, якія ў нас называюцца шэрымі коньмі восені (Я.Сіпакоў). Сонца нехаця варочалася ў густых цяжкаватых воблаках (Я.Скрыган).

Паведаміць пра недакладнасьць